~~META: title = Творчасць Веры Вярбы &keywords = вера, вярба, вершы, вярбы, паэзіі, верша, паэткі, літаратуры, мастацтва, беларусі, зборнікі, мова &abstract = Кароткі агляд творчасці Веры Вярбы &iftrue = nan ~~ ====== Творчасць Веры Вярбы ====== Вера Вярба (псеўданім Гертруды Сакаловай) нарадзілася ў 1942 г. у вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1964 г. філалагічнага факультэта БДУ яна працуе ў аддзеле прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю, а пазней у рэдакцыях «Літаратуры і мастацтва» і «Беларусі». Першая яе публікацыя датуецца 1958 г., а пачынаючы з 1962 г. Вярба выдае зборнікі адзін за адным з інтэрвалам у тры-чатыры гады. Яе сур’ёзная лірычная паэма «Каліна» (1968), прысвечаная заходнебеларускай рэвалюцыянерцы Веры Харужай (1903-1942) і яе аднадумцам, выклікала сур’ёзныя спрэчкі сярод літаратуразнаўцаў, якія лічылі, што яе мова носіць часам не зусім літаратурны характар. Таксама Вярба пісала для дзяцей, аднак найбольшую вядомасць прынеслі ёй усё ж кароткія лірычныя вершы. Паэтычныя зборнікі Вярбы: «Вочы вясны» (1962), «Белыя пісьмы» (1967), «Высакосны год» (1969), «Сіняя бухта» (1975), «Альфа» (1978), «Мая маленькая планета» (1982) і «Яраслаўна» (1986).\\ Непубліцыстычны характар яе паэзіі падкрэсліваецца ў двух радках верша «Унукам маіх унукаў» (1966) са зборніка «Белыя пісьмы»: «Не выступаю з трыбуны, / Але думаю пра нашчадкаў далёкіх». Клопат пра будучыя пакаленні, сяброўства, любоў, гісторыя і мастацтва фактычна з’яўляюцца галоўнымі тэмамі творчасці Веры Вярбы. Вялікае значэнне для паэткі мае маладосць, у адным са сваіх вершаў 1978 г. яна выказвае горкае, нават трохі істэрычнае шкадаванне пра яе страту (а Вярбе тады не было і сарака): Даруйце ўсе,\\ каго я здзекам біла,\\ Хто затаіў\\ пагарду, крыўду, злосць.\\ Я плачу зноў, таму\\ што разлюбіла,\\ Каторы раз\\ згубіла маладосць.\\ І юных дзён\\ з сабой не павяду я.\\ Як адгарэлі прыгажосці сны.\\ Я плачу зноў –\\ ніхто не пашкадуе.\\ Мне сто гадоў –\\ не верыць толькі сын. Моцнае мацярынскае пачуццё і разуменне важнасці мовы ды нацыянальнай свядомасці спалучаецца ў іншым характэрным вершы, які таксама падкрэслівае вялікую ролю народнай песні, што, безумоўна, аказала ўплыў на фарміраванне паэзіі самой Вярбы: У полі гойсае вятрыска\\ І долу каласы схіляе.\\ А маладзіца над калыскай –\\ Дзіцёнку ціхенька спявае.\\ \\ Ад песні гэтае народнай\\ Ўсё пачынаецца на свеце.\\ Напеў душы яе, свабодны,\\ Разносіць, як насенне, вецер.\\ \\ І цераз горы і дубровы\\ Ва ўсе замежныя краіны\\ Цячэ майго народа мова,\\ Як гонар дарагой айчыны.\\ \\ Хай на зямлі шмат ісцін спрэчных:\\ Любоў, і шчасце, і багацце,\\ Але адно, я знаю, вечна –\\ Святое слова нашай маці. У вершы, які пачынаецца словамі «Я к вуснам ціха падымаю...» (1960) паўстае вельмі жывая карціна Беларусі як нейкі сон пад час відавочна празаічнага дзеяння–піцця малака. Вось апошнія чатыры радкі гэтага верша: О любы мой, святлісты краю,\\ Мой ціхі сад, мой родны дом!\\ ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ... ...\\ Я к вуснам ціха падымаю\\ Цяжкую кварту з малаком. У іншым вершы таго ж перыяду, «Маёй бабулі прысвячаю» (1962), дзе Вярба звяртаецца да сваёй бабулі і выражае ёй вялікую ўдзячнасць, гучыць туга паэткі па страчаным дзяцінстве. Меланхолія іншага роду прысутнічае ў больш познім творы «Яраслаўна» (1986), у якім аўтарка параўноўвае свае ўласныя пачуцці з пачуццямі самотнай князёўны са «Слова пра паход Ігаравы» (гэты твор XІІ ст., між іншым, беларусы, як рускія і ўкраінцы, лічаць часткай сваёй культурнай спадчыны).\\ Вера Вярба ў асноўным схіляецца да традыцыйных метрычных і рыфмаваных формаў, аднак часам яе вершы псуе недарэчнае выкарыстанне свабоднай рыфмы. Сучасны [[творы/вера-вярба/вера-вярба-трыялет|трыялет]], форма, уведзеная ў беларускую літаратуру [[творы/максім-багдановіч/свет-максіма-багдановіча|Максімам Багдановічам]], не толькі дэманструе інтарэс паэткі да тэхнічнага боку вершаскладання, але і адлюстроўвае два іншыя аспекты яе паэзіі, якія застаюцца нязменнымі каля чвэрці стагоддзя, а менавіта занепакоенасць расстаннямі і стратамі і моцны пачуццёвы водгук на свет прыроды.\\ \\ Крыніца: Макмілін А. Беларуская літаратура ў 50-60-я гады XX стагоддзя: Манаграфія / Пер. з англ. А. Літвіноўскай / А. Макмілін. – Мн.: "Беларускі кнігазбор", 2001. – 332 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/вера-вярба/вера-вярба-матуліны-рукі]] * [[творы/вера-вярба/вера-вярба-дарагія-бясконца-мясціны]] * [[творы/вера-вярба/вера-вярба-гусі-клічуць-у-вырай]] * [[творы/вера-вярба/вера-вярба-пралеска]] * [[творы/вера-вярба/вера-вярба-бабуліны-казкі]]