~~META: title = Вацлаў Ластоўскі — Князёўна Рагнеда &keywords = князь, рагнеда, уладзімір, полацак, сын, доля, горка, замуж, рука, кругом, доленька, ліха &abstract = Апавяданне Вацлава Ластоўскага "Князёўна Рагнеда" &iftrue = nan ~~ ====== Вацлаў Ластоўскі — Князёўна Рагнеда ====== Тысячу з лішнім гадоў таму жыў у Полацку, на той час сталічным месце ўсёй Беларусі, князь Рагвалод. У Рагвалода былі два сыны і дачка Рагнеда. Рагнеда была вельмі гожая князёўна. Многа княжэвічаў з суседніх старонак пасылалі сватоў у Полацак, просячы рукі гожай князёўны. Прыслаў сваіх князёў літоўскі князь, князь Вялікага Ноўгарада і шмат іншых. Але князёўна беларуская была не толькі гожая, але і гордая, дык за ніводнага з іх не згадзілася ісці замуж.\\ Кіеўскі князь Уладзімір, пачуўшы аб харастве беларускай князёўны ад купцоў, што ехалі з таварамі, такжа паслаў сваіх сватоў да полацкага князя. Кіеўскія сваты прыехалі ў Полацак з багатымі падаркамі для князёўны. Сваты-баяры расказалі аб багацці і сіле свайго князя, а пасля з нізкім паклонам палажылі перад князёўнай падаркі і прасілі, каб Рагнеда пайшла замуж за Уладзіміра.\\ Рагнеда адсунула рукой падаркі і сказала:\\ – Не пайду за рабыніча!\\ Маці кіеўскага князя была нявольніца – ці, як даўней казалі, – рабыня, і Рагнеда сваімі словамі зняважыла кіеўскага князя, назваўшы яго сынам нявольніцы.\\ Паслы з нічым ад’ехалі ў Кіеў.\\ Калі даведаўся аб гэтым Уладзімір, запаліўся гневам вялікім, сабраў войска і кінуўся з аружжам у руках дабываць князёўну Рагнеду. Уладзімір акружыў войскам Полацак, дабыў і спаліў яго. У бітве забіты быў бацька Рагнеды, стары Рагвалод, і два яго сыны, а Рагнеду Уладзімір, як нявольніцу, павёў у Кіеў і прыняволіў яе там выйсці за яго замуж.\\ Рагнеда доўга жыла ў Кіеве, але вельмі цяжкое было яе жыццё, многа ўсялякага гора яна там перажыла, і за гэта яе людзі празвалі Гараслава, знача гаротніца.\\ Песня Гараславы Кругом поле, кругом поле, неба ды трава,\\ Дзе ні выйду, дзе ні гляну, – скрозь чужая старана.\\ Тут у садочках па кусточках пташанькі пяюць,\\ Там у борах, там у гаях – зязюлі тужліва куюць.\\ Ой, зязюлька, ой, сястронка, пакукуй ты мне.\\ А ці помняць, ці жалеюць мяне ў роднай старане? Ох, я! Ох, я! Горка доленька мая!.. Яшчэ я, няшчасна, не радзілася,\\ Горка доля па дарожцы кацілася!..\\ Ох, яшчэ я ў пялёнках ляжала,\\ А ўжо ліха доля за ножкі дзяржала!..\\ Яшчэ я маленька каля лаўкі хадзіла,\\ А ўжо ліха доля за ручкі вадзіла. Ох, як! Ох, я! Горка доленька мая! \\ [1916] ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/іншае/уладзімір-бутрамееў-славутая-дачка-полац]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-лабірынты]] * [[творы/алесь-разанаў/алесь-разанаў-рагнеда]] * [[ibdc.ped>рагвалод-і-рагнеда-3550]] * [[ibdc.ped>рагвалод-і-рагнеда]]