~~META: title = Вацлаў Ластоўскі — Вітаўт і Ягайла &keywords = вітаўт, князь, ягайла, князі, беларускай, па-беларуску, звалі, княжыў, вялікім, польшчы &abstract = Апавяданне Вацлава Ластоўскага "Вітаўт і Ягайла" &iftrue = nan ~~ ====== Вацлаў Ластоўскі — Вітаўт і Ягайла ====== Паўтары сотні гадоў пражылі з сабой беларусы і літвіны ў адной дзяржаве, быццам сям’я ў адной хаце. За гэты час лепей пазналі адны адных і лепей пачалі адны адных шанаваць. Літоўскія князі навучыліся мовы беларускай, беларускай граматы, пісалі ўсё па-беларуску і гаварылі ў сябе дома і ў княжнай радзе па-беларуску.\\ А былі ў канцы ХІV сталецця ў нашай зямлі два маладыя князі: аднаго звалі Ягайла, і ён княжыў у Віцебску, а другога звалі Вітаўт, і княжыў ён у Троках. Князь Ягайла пасля стаўся вялікім, гэта знача: старшым князем усёй Літвы і Беларусі. Ягайла ажаніўся з Ядвігай, каралевай польскай, і ўсё сваё абшырнае княства хацеў прылучыць да Польшчы. На гэта не згадзіўся зродны брат яго Вітаўт. Ён сабраў паноў беларускіх і літоўскіх, парадзіўся з імі і, сабраўшы войска, стаў бараніцца, каб народ беларускі і літоўскі не быў нічый слуга, а жыў сам па сваёй волі. Вайна была цяжкая і доўга цягнулася, але ў канцы Ягайла прымушаны быў прызнаць Вітаўта вялікім князем над усёй Беларуссю і Літвой, незалежнымі ад Польшчы. Пад старасць Вітаўт хацеў каранавацца на беларуска-літоўскага караля. У 1430 годзе ён склікаў да сябе многа каралёў і князёў на каранацыю. Папеж прыслаў праз паслоў яму залатую карону, але палякі злавілі тых паслоў і адабралі ад іх карону. Каранацыя не адбылася, і Вітаўт з непамыснасці захварэў і памёр. Але і пасля яго смерці доўга яшчэ наш край і народ быў вольны. Пахавалі Вітаўта ў Вільні, у скляпах віленскай катэдры.\\ **Песня а князю Вітаўце** Ідзе Вітаўт па вуліцы,\\ За ім нясуць дзве шабліцы. Слаўны князь Вітаўт,\\ Слаўны Гаспадару,\\ Слаўна наша Гаспадарства! Адна шабля на татара,\\ Друга шабля для Спадара, Слаўны князь Вітаўт і г. д. Гукнуў-пукнуў у падковы:\\ Гэй, шыхуйся, пан кашовы! Слаўны князь Вітаўт і г. д. Стаўляй войска ў бітным ладзе,\\ Гэй, паслужым, брацця, праўдзе! Слаўны князь Вітаўт і г. д. Ударым у бубны, бразнем у мечы,\\ Усцелем поле трупам нейчым… Слаўны князь Вітаўт і г. д. \\ [1916] ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сустрэча-ў-берасці]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-прывід]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-варона-і-рак]] * [[постаці/вацлаў-ластоўскі]] * [[творы/вацлаў-ластоўскі/вацлаў-ластоўскі-лабірынты]]