~~META: title = Васіль Хомчанка — Як мяне частавалі мёдам &keywords = іван, сашка, мёду, лыжку, вады, пчолы, есці, кадушкі, джам, перагнуўся, кадушка, хутчэй &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Як мяне частавалі мёдам" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Хомчанка — Як мяне частавалі мёдам ====== Я прывёў Івана Рыціка на свой агарод і дазволіў яму рваць і есці ўсё, што хоча і колькі хоча. Іван нарваў рэпы, салодкай і сакаўной, самай лепшай у нашай вёсцы. За гэта Іван паабяцаў калі-небудзь накарміць мяне мёдам, бо ў іх былі свае пчолы.\\ I вось аднойчы настаў такі дзень. Усе дарослыя былі ў полі, а мы засталіся дома за гаспадароў. Іван гукнуў мне праз акно:\\ – Гэй, Лізун, хадзі мёд есці!\\ Праз хвіліну я быў у Івана на двары. Са мной прыйшоў Сашка Джам, якому я паспеў пахваліцца, што іду есці мёд, аж пакуль горка не стане.\\ Іван завёў мяне ў сенцы і сказаў:\\ – Вось кадушка, еш. Мёд – не рэпа, многа не з’ясі.\\ – Паглядзім, – усміхнуўся я. Я думаў тады, што магу з’есці мёду хоць паўпуда.\\ Кадушка была мне ледзь не па шыю, а мёду ў кадушцы толькі на самым дне.\\ Іван даў лыжку. Я перагнуўся цераз край кадушкі, зачарпнуў поўную лыжку духмянага мёду і праглынуў з вялікай асалодай.\\ – Не шкадуй, давай, – падахвочвалі мяне Іван і Сашка.\\ Другую лыжку я таксама з’еў усмак і з ахвотай. Пасля трэцяй папрасіў вады.\\ – Няма, брат, яшчэ не прынёс з крыніцы.\\ Іван корпаўся ў скрыні, бразгаў там нейкімі жалязякамі і не звяртаў на мяне ўвагі. Няшчасце здарылася, калі я палез у кадушку чацвёрты раз. Я задужа перагнуўся, левая рука, якой я трымаўся за верх кадушкі, сарвалася, і я плюхнуўся галавой у мёд. Я спрабаваў нешта крычаць, матляў нагамі...\\ Выручылі Іван і Сашка. Яны схапілі мяне за ногі і выцягнулі з кадушкі. Я нічога не чуў і не бачыў. Мёд быў у вушах, у роце, мёдам былі заліты вочы. Мёд цёк за каўнер.\\ – Вады! – прасіў я. – Вады!\\ Вада знайшлася. Іван выліў на мяне цэлае вядро, ды не разлічыў, абліў толькі спіну.\\ – Бяжым на рэчку! – крыкнуў ён.\\ Трымаючыся за яго руку, як сляпы, плёўся я за Іванам.\\ – Хутчэй! – цягнуў ён мяне.\\ Нарэшце я сяк-так разняў павекі і ўбачыў, што мы ідзём па садзе. А там стаялі вуллі. Сашка саскрабаў з мяне мёд і еў. Дармовы мёд! Такая магчымасць здараецца не часта. I тут мёд учулі пчолы...\\ – Уцякай! – закрычаў Іван, а сам упаў ніцма на траву і рукамі закрыў твар.\\ Я кінуўся да рэчкі. Ляцеў як куля. Сашка бег за мною. У мяне было адно жаданне – хутчэй боўтнуцца ў ваду. А Сашка не адставаў.\\ – Пачакай, не нырай! – крычаў ён. – Колькі мёду прападзе.\\ З разгону я скочыў у рэчку, даў нырца і сядзеў у вадзе, пакуль хапіла духу. Потым высунуў нос, дыхнуў і зноў нырнуў. Сядзеў у вадзе, пакуль не разляцеліся пчолы.\\ Так аднойчы я наеўся мёду. Сашка Джам лічыў, што гэта быў шчаслівы выпадак, калі, вядома, не зважаць на тое, што мы хадзілі некалькі дзён з апухлымі тварамі.\\ \\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]]