~~META: title = Васіль Хомчанка — Тры каскі &keywords = каска, андрэйка, стаяць, дзед, бацькава, каскі, дзедам, асколак, зямлю, тата, будоўлі, касманаўта &abstract = Апавяданне Васіля Хомчанкі "Тры каскі" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Хомчанка — Тры каскі ====== У Андрэйкі ёсць дома дзве каскі. Стаяць яны побач на паліцы.\\ Адна каска – салдацкая. Яе з вайны прынёс дзед. Гэта каска ўратавала яго ад смерці. Бег дзед у атаку – ён быў тады яшчэ не дзедам, а маладым хлопцам. І перад ім выбухнула міна. Секанула асколкамі. Адзін асколак і трапіў па касцы. Ударам зваліў салдата на зямлю. Але каска аказалася мацнейшай за асколак. Жывы застаўся салдат.\\ Другая каска – бацькава. Гэта мірная каска. Андрэйкаў тата працуе на будоўлі брыгадзірам. Шмат дамоў збудаваў ён са сваёй брыгадай. У тым ліку і дзевяціпавярховы дом, у якім жыве Андрэйка. Калі хлопчык едзе па горадзе, тата яму паказвае ў акно: «Вунь мая школа. Палац культуры мой. І твой дзіцячы сад я таксама будаваў».\\ Бацькава каска ганаровая. Яе называюць залатой каскай і ўзнагароджваюць ёю лепшых рабочых на будоўлях.\\ Вось гэтыя дзве каскі стаяць побач. Дзедава – цёмная, сумная, з драпінамі і ўмяцінамі ад куль і асколкаў. Яна напамінае пра баі, калі дзед абараняў ад ворагаў нашу зямлю. Бацькава – ярка-аранжавая, вясёлая. Сведка таго, як бацька ўзбагачае і ўпрыгожвае Радзіму, уратаваную дзедам.\\ Андрэйка марыць пра сваю каску, якую ён будзе насіць, калі вырасце. Ён верыць, што гэта будзе каска касманаўта. Дакладней, шлем касманаўта. І абавязкова Андрэйка потым паставіць яго побач з дзедавай і бацькавай каскамі. І будуць стаяць яны побач, усе тры. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]]