~~META: title = Васіль Хомчанка — Паклон лесу &keywords = лета, суніцамі, кошык, лесу &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Паклон лесу" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Хомчанка — Паклон лесу ====== Цябе чакае ў госці лес, напоены салодкім водарам кветак і ягад, гаркаватым пахам грыбоў... Будзь толькі добры з лесам, шчыры, і ён пакажа табе ўсе свае таямніцы, шчодра падзеліцца багаццем, што хавае ад благога вока.\\ У сярэдзіне лета лес усыпан суніцамі. Пунсовымі кроплямі зіхацяць яны ў траве, грэюць на сонцы круглыя бакі з жаўтаватымі зернеткамі-вяснушкамі. Ягады клічуць цябе, просяць: «Мы паспелі, бяры нас».\\ Вось тут і не будзь ганарысты, кланяйся лесу – і напоўніш кошык спелымі мядовымі суніцамі. Чым ніжэй будзеш кланяцца, тым паўней будзе кошык.\\ А калі лета пакоціцца на восень, пачнуць праз апалае лісце прабівацца крамяныя галоўкі баравікоў і падасінавікаў, збяруцца ў чародкі залатыя лісічкі, збягуцца ў падлесак белыя падбярозавікі, у роснай траўцы зачырванеюць крохкія рыжыкі.\\ I цяпер адбівай лесу паклоны. А будзеш задзіраць угору нос – нічога не знойдзеш, нічога не назбіраеш. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]]