~~META: title = Васіль Хомчанка — Наша лавачка &keywords = лавачку, дзед, лавачцы, пасядзець, месца, андрэй, сядзяць, лавачка, сядзім, зрабілі &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Наша лавачка" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Хомчанка — Наша лавачка ====== Мы з Толікам на двары паставілі лавачку. Добрую, са спінкаю. Як толькі зрабілі, паселі і сядзім. Добра сядзець у цяньку пад ліпаю. Колькі хочаш сядзі, каго хочаш запрашай пасядзець – лавачка наша.\\ Вось так мы сядзім адны дзесяць хвілін, дваццаць.\\ З дому выйшаў наш сусед дзед Андрэй. Убачыў лавачку, здзівіўся: нічога не было, а цяпер лавачка стаіць.\\ Мы пасунуліся.\\ – Калі ласка, – сказалі дзеду Андрэю. – Гэту лавачку мы зрабілі.\\ Цяпер сядзім утрох. Дзед хваліць лавачку і нас малайцамі заве. Добра, кажа, у цяньку пасядзець.\\ З трэцяга пад’езда выйшаў яшчэ адзін дзед.\\ – Хадзі, Іван, пасядзі, – паклікаў дзед Андрэй.\\ Падышоў дзед Іван і спытаўся:\\ – Гэта ты, Андрэй, зрабіў лавачку?\\ – Не, мы з Толікам, – пахваліўся я, – наша лавачка.\\ Я ўстаў і даў месца дзеду Івану. Потым Толік саступіў месца бабулі, якая падышла да нас.\\ Мы стаім, а два дзяды і бабуля сядзяць на нашай лавачцы.\\ – Няхай пасядзяць, – сказалі мы. – Паспеем насядзецца.\\ Пагулялі ў двары, пабегалі па вуліцы, вярнуліся, а на лавачцы сядзяць тры бабулі. Схадзілі ў кіно, паабедалі, выйшлі на двор – зноў лаўка занятая. Нейкія дзядзька і цётка з дзіцем селі. Так у той дзень мы і не дачакаліся, калі можна будзе пасядзець на сваёй лавачцы. I на другі, і на трэці дзень тое ж самае – сядзяць людзі на ёй, а нас убачаць – хваляць:\\ – Малайцы, хлопцы. Такую добрую лавачку зрабілі.\\ Кожнаму хочацца пасядзець на лавачцы, а яна ж невялікая, толькі на тры чалавекі.\\ I рашылі мы зрабіць яшчэ адну лавачку, вялікую, каб усім хапіла месца...\\ – Цюк! Цюк! – стукае наша сякера. Памагайце, малыя, мы робім другую лавачку.\\ Большую, са спінкаю. I для старых, і для малых. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]]