~~META: title = Васіль Хомчанка — Мама &keywords = сяргейка, знайшоў, рагуля, белалобы, бычок, букацца, сяргейкі, маці, мама, кліч, скубе, лужок &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Мама" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Хомчанка — Мама ====== Сяргейку прывезлі ў вёску. Там ён пабег на лужок, дзе хадзіла карова Рагуля з маленькім гарэзлівым бычком.\\ – Здароў, белалобы, – павітаўся Сяргейка.\\ А той узбычыў лабастую галаву і пайшоў на хлопчыка.\\ – Букацца хочаш? – спытаў Сяргейка і, нагнуўшыся, выставіў наперад сваю галаву. – Давай.\\ Белалобы пабаяўся букацца, павярнуўся і пабег ад Сяргейкі. Сяргейка – за ім. Але не дагнаў і схаваўся за кусцік. Бычок туды-сюды, а Сяргейкі няма.\\ – Не знайшоў! Не знайшоў! – закрычаў Сяргейка і выскачыў з-за куста. – Цяпер ты хавайся.\\ Ён закрыў рукамі вочы, а бычок – бягом у хмызняк. Сяргейка знайшоў яго адразу і застукаў:\\ – Бачу, вылазь!\\ А белалобы не можа выбрацца з хмызняку – забраўся аж у самы гушчар.\\ – Му-му! – паклікаў ён маці. Рагуля нават не павярнулася на гэты кліч. Скубе сабе траву і скубе.\\ – Му-му-му! – яшчэ мацней загаласіў бычок.\\ Тады Сяргейка яму сказаў:\\ – Ты не так завеш: не му-му, а ма-ма.\\ – Му-му!\\ – Мама, – зноў паправіў Сяргейка і з усяе сілы крыкнуў: – Мама!\\ Гэты кліч пачулі адразу абедзве мамы – Сяргейкава і белалобага. Сяргейкава маці абняла цяля за шыю, а Рагуля штурхнула яго пад бок пысай. I вывелі белалобага на лужок.\\ – Вось бачыш, – зарадаваўся Сяргейка, – паклікалі як трэба, мамы і прыйшлі. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]]