~~META: title = Васіль Хомчанка — Коска &keywords = захарка, янка, стаяць, коскі, плысці, пішы, пісаць, сказаў, капітанаў, загад &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Коска" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Хомчанка — Коска ====== Захарка сеў рыхтаваць урокі. Трэба было выканаць практыкаванне: перапісаць сказы і паставіць, дзе трэба, коскі. А рабіць Захарку нічога не хацелася. Ён падпёр далонямі галаву і задумаўся. Захарка толькі што прачытаў кніжку пра прыгоды капітана карабля.\\ Цікавае, гераічнае жыццё ў марскіх капітанаў. Не тое, што ў яго, Захаркі. Вучы граматыку. Захарка ўздыхнуў і сказаў уголас:\\ – Навыдумлялі ўсялякіх прадметаў. I ўсе іх вучы. Коскі там розныя, пытальнікі...\\ Пачуў гэта старэйшы брат Янка і спытаў:\\ – А ты б што хацеў вучыць?\\ – Хай бы адразу вучылі на касманаўтаў, капітанаў, шафёраў. А то вучаць, дзе коскі ставіць. Хіба без іх нельга жыць?\\ Янка даўно ведаў, што Захарка марыць стаць капітанам далёкага плавання. Ён трохі падумаў, хітра ўсміхнуўся і сказаў:\\ – Кажаш, і без косак можна пражыць? Мы зараз праверым. Бяры аловак і пішы.\\ – Што пісаць?\\ – Будзем лічыць, што ты ўжо капітан карабля. Табе трэба даць пісьмовы загад сваім матросам.\\ – Гэта я змагу, – абрадаваўся Захарка. Такі занятак усё ж цікавей, чым урокі рабіць. – Які загад, кажы!\\ – Ты хворы ці паранены ў бойцы з піратамі. Ляжыш у бальніцы.\\ – Нічога ты не разумееш у марской справе, – паправіў Янку Захарка. – Піратаў даўно ўжо няма.\\ – Добра, згодзен. Ты захварэў, ляжыш у бальніцы, а карабель стаіць у гавані. У моры шторм. Я твой памочнік, чакаю ад цябе пісьмовага загаду. Ты кажаш: плыві.\\ – Ну і плыві.\\ – Не, ты напішыі мне загад, – патрабаваў Янка.\\ Захарка рашуча падсунуў аркуш паперы, узяў аловак.\\ – Пісаць?\\ – Пішы, пішы.\\ I Захарка пад дыктоўку Янкі напісаў: «Плысці не дазваляю стаяць у гавані».\\ Прачытаў Янка і паціснуў плячыма:\\ – Нічога не разумею.\\ – Усё ясна, – сказаў упэўнена Захарка. – Я загадваю плысці.\\ – Не, не ясна. Ці плысці не дазваляеш і трэба стаяць, ці трэба плысці і стаяць не дазваляецца ў гавані. Не хапае коскі.\\ Захарка зморшчыў лоб і пачаў думаць, дзе б гэту самую коску паставіць. I паставіў пасля слоў «не дазваляю».\\ – Ну вось, значыць, трэба стаяць, – засмяяўся Янка.\\ – Я плысці дазволіў, – разгубіўся Захарка.\\ – Тадыі коска не тут павінна стаяць.\\ Янка закрэсліў Захаркаву коску і паставіў сваю пасля слова «плысці».\\ Захарка пачухаў патыліцу і падумаў, што сапраўды гэтыя коскі маюць значэнне нават і для марскіх капітанаў. Ён уздыхнуў, узяў падручнік па граматыцы, разгарнуў сшытак і пачаў пісаць практыкаванне. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]]