Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-хомчанка:васіль-хомчанка-дзядоўнік

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Хомчанка — Дзядоўнік

У маім двары расце куст дзядоўніку. Яго яшчэ называюць лопухам, калючнікам.
Летам, калі дзядоўнік зялёны і цвіце малінавымі кветкамі, да яго не падступішся – уколе.
– Пакуль расту і цвіту, не чапайце мяне! – строга папярэджвае ён усіх, натапырыўшы калючкі.
Увосень дзядоўнік робіцца шэрым, непрыгожым. I куды дзяюцца яго сіла і адвага! На ім выраслі і паспелі калючыя шарыкі-дзяды. I цяпер дзядоўнік ужо сам просіць, каб за яго чапляліся:
– Калі ласка, не абмінайце мяне.
I хто не абміне, таму дзядоўнік свае шэрыя шарыкі-дзяды дорыць.
Сабака прабяжыць, зачэпіцца – і ўвесь бок у дзядах. Свіння ў куст залезе – таксама начапляе на сябе дзядоў.
Сам я не раз чапляўся за дзядоўнік, калоўся, выскрабаў калючкі з адзення. Збіраўся нават выкапаць той куст. Навошта яму, нікому не патрэбнаму пустазеллю, расці тут, у двары!
Аднойчы ранняй зімой, калі багата наваліла снегу, я выйшаў на двор і ўбачыў, што куст дзядоўніку стаў нейкі рухліва-стракаты, нібыта расцвіў яркімі кветкамі, пераважна чырвонымі. Толькі тыя кветкі былі жывыя, пырхалі і шчабяталі.
Гэта шчыглы і снегіры абляпілі куст. Карміліся семечкамі дзядоўніку, вылушчвалі з тых калючых шарыкаў.
Карміцеся, шчыглы і снегіры: для птушак цяжкая пара наступіла – доўгая зіма. А мой дзядоўнік няхай вас хоць трохі ды выручыць.

Падобныя старонкі

  • васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка
  • васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй
  • васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык
  • васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк
  • васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы
творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзядоўнік.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki