~~META: title = Васіль Хомчанка — Дзядоўнік &keywords = дзядоўнік, куст, дзядоўніку, снегіры, шчыглы, калючкі, кветкамі, шарыкі-дзяды, двары &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Дзядоўнік" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Хомчанка — Дзядоўнік ====== У маім двары расце куст дзядоўніку. Яго яшчэ называюць лопухам, калючнікам.\\ Летам, калі дзядоўнік зялёны і цвіце малінавымі кветкамі, да яго не падступішся – уколе.\\ – Пакуль расту і цвіту, не чапайце мяне! – строга папярэджвае ён усіх, натапырыўшы калючкі.\\ Увосень дзядоўнік робіцца шэрым, непрыгожым. I куды дзяюцца яго сіла і адвага! На ім выраслі і паспелі калючыя шарыкі-дзяды. I цяпер дзядоўнік ужо сам просіць, каб за яго чапляліся:\\ – Калі ласка, не абмінайце мяне.\\ I хто не абміне, таму дзядоўнік свае шэрыя шарыкі-дзяды дорыць.\\ Сабака прабяжыць, зачэпіцца – і ўвесь бок у дзядах. Свіння ў куст залезе – таксама начапляе на сябе дзядоў.\\ Сам я не раз чапляўся за дзядоўнік, калоўся, выскрабаў калючкі з адзення. Збіраўся нават выкапаць той куст. Навошта яму, нікому не патрэбнаму пустазеллю, расці тут, у двары!\\ Аднойчы ранняй зімой, калі багата наваліла снегу, я выйшаў на двор і ўбачыў, што куст дзядоўніку стаў нейкі рухліва-стракаты, нібыта расцвіў яркімі кветкамі, пераважна чырвонымі. Толькі тыя кветкі былі жывыя, пырхалі і шчабяталі.\\ Гэта шчыглы і снегіры абляпілі куст. Карміліся семечкамі дзядоўніку, вылушчвалі з тых калючых шарыкаў.\\ Карміцеся, шчыглы і снегіры: для птушак цяжкая пара наступіла – доўгая зіма. А мой дзядоўнік няхай вас хоць трохі ды выручыць. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]]