~~META: title = Васіль Хомчанка — Галка &keywords = кармушку, галка &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Галка" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Хомчанка — Галка ====== У агародчыку зляпіў я Дзеда Мароза са снегу. Дзе вочы – чорныя вугольчыкі ўторкнуў. А нос зрабіў з вялікай жоўтай морквы.\\ У рукі Дзеду Марозу даў скрыначку і насыпаў туды зярнят.\\ – Частуй птушак, – сказаў я яму, а сам зайшоў у хату і стаў каля акна.\\ Прыляцела першая сінічка. Піскнула, села на край скрыначкі, дзеўбанула раз, другі. Потым снягір апусціўся побач. А нахабны верабей залез у кармушку з нагамі.\\ Чорная галка з бярозы таксама заўважыла кармушку. Пераляцела на самую ніжнюю галінку, але спусціцца на кармушку не адважылася. Пакуль галка сядзела так ды аглядвалася, птушкі ўсё падзяўблі і разляцеліся.\\ Галка скокнула ў кармушку, а ў кармушцы пуста. Яна са злосці схапіла дзюбай моркву і паляцела з ёю.\\ I Дзед Мароз застаўся без носа. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]]