~~META: title = Васіль Хомчанка — Верны рыцар &keywords = слава, клара, славу, клары, сябры, дзень, нараджэння, трэнер, букецік, пеця, люлькай, рукой, ландышы &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Верны рыцар" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Хомчанка — Верны рыцар ====== Сярод канькабежцаў Клару ён пазнаў па чырвонай шапачцы і чырвонаму світару. Лёгка і прыгожа ішла яна па бегавой дарожцы, заклаўшы рукі за спіну. I Слава, які катаўся на агульным пятачку, пазайздросціў яе бегу. Нічога не скажаш – разрадніца, чэмпіёнка горада сярод школьнікаў па каньках. Яе кожны дзень трэніруе майстар спорту. З месяц назад і Слава хацеў запісацца на заняткі да гэтага трэнера. Трэнер вывеў Славу на ледзяную дарожку і махнуў рукой: «Давай!» Слава рвануў колькі меў сілы, замахаў рукамі. Праехаў круг, спыніўся, задаволены сваім бегам. Але трэнера на месцы не было. Сустрэла яго адна Клара. «Каб бегаць на каньках, трэба мець талент», – перадала яму трэнераў прысуд. I, як здалося Славу, была нават рада, што ў яго няма гэтага таленту.\\ Клара ўжо ішла пяты круг усё той жа размашыстай лёгкай хадою. Так ёй загадаў ісці трэнер. Слава чакаў Клару ля каната. Яе чырвоны світар у промнях пражэктара гарэў полымем. Клара ляцела як птушка. Вось яна ужо недалёка.\\ Слава зняў шапку, памахаў ёй. Яна ўсміхнулася і праляцела міма...\\ Слава быў цярплівы. Ён зноў сачыў за ёю вачыма. Гэта, мабыць, апошні круг, бо на дарожку ўзышоў трэнер. Шырокая лысіна трэнера блішчала ў святле пражэктара. Нарэшце Клара выйшла на прамую. Трэнер махнуў рукой, крыкнуў: «Рывок!», і Клара заўзята замахала рукамі. На павароце выпрасталася, праехала яшчэ трохі і, пырснуўшы белымі снежнымі іскрамі, крута павярнула назад.\\ Потым было тое ж, што і кожны вечар, дзеля чаго Слава не прапускаў ніводнай Кларынай трэніроўкі. Перакінуўшы свае і Кларыны канькі цераз плячо, ён праводзіў Клару дадому. Яны крочылі па ціхім парку, потым ехалі ў тралейбусе. Браў білеты заўсёды Слава. Пасажыры звярталі ўвагу на прыгожую Клару, і Славу гэта было прыемна. Вось толькі сам ён меў не такі шыкоўны выгляд, як Клара, – выцертыя лыжныя штаны і куртка з латкай на локце. Але Славу напляваць на гэтую латку. З ім едзе, размаўляе, усміхаецца яму – Клара, чэмпіёнка горада па каньках сярод вучняў. Ад прыпынку яны ішлі два кварталы пехатою.\\ – Ты дамашняе сачыненне напісаў? – спытала Клара.\\ – Напісаў. I табе, і сабе.\\ – А не аднолькавыя? Марыя Сцяпанаўна не пазнае?\\ – Не. Я табе зусім па-другому пісаў.\\ – Малайчына, Славік. Мы ж сябры?\\ – Сябры.\\ Яна амаль кожны дзень прасіла Славу што-небудзь зрабіць: чарцёж, дамашняе сачыненне... I Слава выконваў гэтыя просьбы – сябры ж. Нават заносіў Кларын партфель дамоў, калі яна ехала адразу са школы ў горад. Дзверы на яго званок заўсёды адчыняла нізенькая, круглая, як мяч, хатняя работніца. Моўчкі яна брала ў Славы партфель і грукала дзвярыма...\\ Калі падышлі да Кларынага дома, Слава сказаў:\\ – Я табе нешта падару ў дзень нараджэння.\\ – Ну падары.\\ – Табе ніхто такое не падорыць.\\ – Мне падораць плашч. Бельгійскі, пластыкавы.\\ – Бацька?\\ – Не... Жора, знаёмы адзін. Ён мае першы разрад па тэнісу.\\ Для Славы гэтыя жоры былі не ў навіну. Клара хвалілася, што ў горадзе ёй знаёмы ўсе майстры спорту. Яны прыходзяць да Клары з магнітафонам і танцуюць у яе пакоі...\\ Зайшлі ў пад’езд. На лесвічнай пляцоўцы паміж першым і другім паверхам стаяў, прыхіліўшыся да сцяны, цыбаты хлапец і курыў люльку.\\ – Салют, – сказаў ён Клары.\\ – Салют, – падняла яна руку.\\ – Ёсць навіны. Пойдзем раскажу.\\ – Позна, – сказала Клара. Але зрабіла крок да выхаду. – Славік, аднясі канькі.\\ Слава патупаў уверх па лесвіцы. З другога паверха пачуў іх размову: «Хто гэта?» – «Мой верны рыцар з восьмага «В». – «Рыцар у драных латах...»\\ Да трэцяга паверха Слава падымаўся доўга. Самотна пазвоньвалі канькі...\\ \\ Дваццаць восьмага лютага ўночы ўсхадзілася завіруха, і да раніцы ўвесь горад замяло снегам. Горад пасвятлеў і нібы пацішэў. Снег абляпіў у парках усе дрэвы. Галодныя сініцы зляцеліся з парку на балконы і вокны дамоў, садзіліся на адчыненыя форткі. Адна сініца заляцела нават у клас, і, каб яе выпусціць, адчынялі акно.\\ У восьмым «В» апошнім урокам была фізкультура, і ўвесь клас пайшоў у парк катацца на лыжах. Завіруха тым часам сціхла. Па некранутым снезе лыжню пракладваў настаўнік, за ім цягнуўся доўгі ланцужок вучняў.\\ Мякка шасталі лыжы. Заснежаны парк здаваўся ненатуральна казачным. З галін бязгучна ссыпаліся снежныя ахлопкі.\\ Слава ішоў следам за Кларай. Яна была ў сваім чырвоным світары, такім яркім на фоне белага снегу. Замыкаў лыжнае шэсце тоўсты Пеця, Слаўкаў сусед па парце.\\ Прайшлі да цэнтра парку. Клара спынілася і падала Славу сваю палку.\\ – Слізкая вельмі, – сказала яна. – Дай сваю.\\ Яны памяняліся палкамі. Клара з усяе сілы адштурхнулася і памчалася наперад.\\ – Падліза, – сказаў Пеця. – Напрошваешся на дзень нараджэння. Усё адно не запросіць.\\ – Я не напрошваюся, – ціха адказаў Слава і знарок пачаў адставаць. Ён не хацеў, каб Клара пачула Пецеву балбатню – На дзень нараджэння не запрашаюць. Сябры самі павінны прыйсці і павіншаваць.\\ – I ты пойдзеш да гэтай задавакі?\\ – Пайду. Яна наш таварыш.\\ – Таварыш? Задавака яна, а не таварыш! Учора на «Волзе» – ж-жык паўз мяне. Нос задрала, а ў машыне поўна нейкіх расфуфыраных... Падумаеш!..\\ – А чаму ёй не катацца. У бацькі свая машына.\\ – А цябе яна катала? Катала хоць раз? Або хоць каго з нашага класа?\\ Пеця гаварыў гучна. Славу было няёмка, і ён усё больш адставаў.\\ – Ты і падарунак ёй панясеш?\\ – Трэба, мы ж дружым.\\ – Ну і нясі. Дурань. Чаго адстаеш, гані! – крыкнуў Пеця і палкай падштурхнуў Славу ў спіну.\\ Настаўнік чакаў усіх у канцы алеі. Калі з’ехаліся, спытаў:\\ – Яшчэ круг?\\ – Яшчэ! Яшчэ!\\ А Клара сказала настаўніку, што ёй трэба ісці дамоў. Яе адпусцілі. Яна скінула з ног лыжы і, махнуўшы Славу рукой, пайшла.\\ – А лыжы твае хто панясе? – крыкнуў наўздагон Пеця.\\ – Я панясу, – сказаў Слава.\\ Усе зноў рушылі ўслед за настаўнікам, а Слава ўскінуў Кларыны лыжы на плячо і падаўся ў школу.\\ Прыйшоўшы дамоў, Слава паабедаў і адразу сеў за чарцяжы. Трэба зрабіць два – сабе і Клары. Калі скончыў, доўга прыглядаўся, які лепшы. На лепшым надпісаў прозвішча Клары. Ёй няма калі займацца чарцяжамі. У яе сёння трэніроўка.\\ Да вечара яшчэ заставалася шмат часу. Слава пакруціў пласцінкі, пачытаў. Згуляў з сястрычкай Волькай у шашкі, выйграў усе тры партыі і пачаў збірацца. Уласна кажучы, сабрацца ён мог і за пяць хвілін. А патраціў на зборы з паўгадзіны. Апрануў пінжак, наваксаваў чаравікі, прыгладзіў перад люстэркам набок валасы. Маці сказаў, што ідзе да Клары на дзень нараджэння.\\ – А шмат там збярэцца? Мабыць, увесь клас? – спытала маці.\\ – Вядома, – зусім няўпэўнена адказаў Слава.\\ Клара нікога з вучняў не запрашала. I яго, Славу, не запрашала. А ён ідзе, бо ведае, што віншаваць з днём нараджэння павінны прыходзіць самі сябры. На тое яны і сябры.\\ Падарунак для Клары стаяў на стале ў слоіку. Гэта быў невялікі букецік жывых ландышаў. Каб падарыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з дзірваном, прывёз і трымаў у падвале, выносіў на холад, потым паліваў у цёплым пакоі. I ландышы зацвілі, запахлі прыемна і тонка, прынёсшы ў кватэру подых вясны. Яе, вясну, і падорыць Слава сваёй сяброўцы. Гэта не карабок цукеркаў, нават калі яны і шакаладныя. I не плашч, хоць ён і бельгійскі. Слава паднёс да твару букецік, удыхнуў яго водар і засмяяўся – май!\\ Нарэшце, калі насценны гадзіннік адзваніў сем гадзін, Слава загарнуў у газету букецік і пайшоў да Клары. На трэці паверх ён узбег адным махам. А каля дзвярэй спыніўся, каб перавесці дыханне. Там, у кватэры, чулася музыка. Слава дачакаўся, калі музыка сціхне, і пазваніў. Як заўсёды, дзверы адчыніла хатняя работніца. Высунуўшы галаву, яна моўчкі глядзела на Славу.\\ – Я да Клары, – сказаў ён. Але галава не знікала. – Я падарунак ёй прынёс...\\ Дзверы расчыніліся, жанчына саступіла з дарогі і ўпусціла Славу.\\ Клара сядзела на падлакотніку крэсла, уся ў чорным і бліскучым. Яна прывітальна махнула яму рукой, бліснуўшы бранзалетам. Слава доўга і старанна выціраў ногі, потым ступіў у пакой. Ён разгубіўся ад скіраваных на яго позіркаў незнаёмых людзей і цішыні, што раптам запанавала ў пакоі. Так і стаяў, камечачы ў руках газету, у якую быў загорнуты букецік ландышаў.\\ – А, верны рыцар. Здароў, – пачуў Слава.\\ Толькі цяпер ён убачыў учарашняга хлопца з люлькай. Хлопец і цяпер трымаў люльку ў зубах.\\ – А што, – сказала Клара. – Рыцар. Праўда, Славік? Зрабіў чарцёж?\\ – Зрабіў.\\ – Разумееш? – павярнулася Клара да хлопца з люлькай.\\ Слава працягнуў Клары скрутак і сказаў:\\ – Гэта табе. З днём нараджэння.\\ Клара ўзяла скрутак, здзівілася яго лёгкасці, узважыла на руцэ і разгарнула.\\ – Кветкі, – усміхнулася яна. – Дзякуй. Зірні, колькі мне сёння кветак нанеслі.\\ – То ж хатнія, зімовыя. А гэта – сама вясна. Май.\\ Клара пакруціла ў руцэ букецік і аддала трэнеру. Слава і яго заўважыў толькі цяпер, ён сядзеў ля акна. Трэнер панюхаў букецік, а потым, не падымаючыся з канапы, уторкнуў яго ў вузенькую, як горла гусака, вазу, што стаяла на падаконніку.\\ – Ландышы – яны вясной пяць капеек пучок, – сказаў хлопец з люлькай.\\ У пакой увайшла хатняя работніца з горкай талерах і пачала расстаўляць іх на стале.\\ I гэты стук талерах нібы з’явіўся тым сігналам, якога чакалі ўсе. Паднялася гаворка, смех. Трэнер чагосьці зарагатаў. Хлопец з люлькай шчоўкнуў клавішам радыёлы, і кватэру запоўніла музыка. Пыхкаючы люлькай, хлопец пачаў пускаць дым на суседку, а тая закрывала твар рукамі і пішчала. Смяялася і Клара. Яна была вельмі прыгожая ў гэты вечар у сваім бліскучым плацці, з аголенымі рукамі і белай шыяй, якую абвілі агністыя, як іскрынкі сонца, пацеркі.\\ Слава сядзеў і чытаў старую газету, у якой ён прынёс ландышы. Потым выйшаў у калідор. Апрануў паліто, азірнуўся і сустрэўся вачыма з Кларай. Клара ўсміхнулася і памахала на развітанне рукой. Ад яе бранзалета мільгануў на сцяне зайчык.\\ Слава зняў з дзвярэй ланцужок і выйшаў. З двара ён зірнуў на акно, белае ад яркага святла, і на падаконніку заўважыў тую доўгую, як гусакова шыя, вазу. Там бялелі дробныя званочкі яго ландышаў. Ландышы туліліся да шыбы, быццам прасіліся на вуліцу.\\ I Славу зрабілася шкада гэтых ландышаў. Хай бы яны раслі ў лесе і цвілі ў маі. Навошта было прыносіць іх людзям, якія не шануюць дружбу і за вясну плацяць толькі пяць капеек.\\ \\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-яблык]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-білеты-у-цырк]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-звон-пад-зямлёй]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-дзве-дашы]] * [[творы/васіль-хомчанка/васіль-хомчанка-янкава-рукавічка]]