~~META: title = Васіль Хомчанка — Білеты у цырк &keywords = кастусь, цырк, сляпы, дзядзька, хлопчык, білеты, сляпога, спыніўся, дадому, ішлі, маці &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Хомчанкі "Білеты у цырк" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Хомчанка — Білеты у цырк ====== У горад прыехаў цырк.\\ Маці дала Кастусю грошы і сказала:\\ – Сёння ў дванаццаць гадзін пойдзем у цырк. Купі два білеты. Адзін – мне, другі – сабе.\\ Потым строга дадала:\\ – Глядзі ж, не баўся.\\ Праз якія паўгадзіны, радасны і шчаслівы, Кастусь ужо імчаўся дадому, сціскаючы ў руцэ дзве сіненькія паперкі.\\ Усюды ў горадзе віселі цыркавыя афішы.\\ Каля адной з афіш Кастусь спыніўся. На ёй быў цікавы малюнак: белыя сабачкі стаялі ў рад і пярэднімі лапкамі аддавалі чэсць мядзведзю. Як многа цікавага ўбачыць Кастусь сёння ў цырку!\\ Нейкі дзядзька, праходзячы міма, штурхануў хлопчыка ў плячо.\\ – Не бачыце, ці што? – сярдзіта сказаў Кастусь. Дзядзька спыніўся, павярнуўся назад. На вачах у яго былі акуляры з сінімі шкельцамі, у руках ён трымаў жалезную кульбу.\\ – Прабач, хлопчык, – ціха прамовіў ён. Памацаўшы кульбай вакол сябе, дзядзька асцярожна зрабіў некалькі крокаў.\\ «Сляпы», – здагадаўся Кастусь.\\ Сляпы ішоў проста ў лужыну.\\ – Дзядзька, вада там! – крыкнуў Кастусь.\\ Сляпы збочыў управа і наткнуўся на паркан.\\ – Паркан! – зноў крыкнуў хлопчык.\\ Ён падбег да сляпога, узяў яго за руку, вывеў на дарогу і спытаў:\\ – Вам далёка ісці?\\ – На вакзал.\\ – О! – здзівіўся хлопчык. – Як жа вы дойдзеце?\\ – Як-небудзь.\\ Не выпускаючы рукі сляпога, Кастусь вёў яго спачатку па тратуары, потым па скверы. А калі дайшлі да плошчы, Кастусь спыніўся. Тут яму трэба было зварочваць дадому, а дарога на вакзал ішла налева.\\ – Я, дзядзька, сёння ў цырк пайду, – сказаў Кастусь, – мяне мама чакае. Бывайце.\\ – Бывай. Дзякуй табе.\\ Кастусь пабег. Ужо ля самага дома ён азірнуўся і ўбачыў, што сляпы стаіць на тратуары і ніяк не асмельваецца перайсці плошчу. Машыны ішлі і ішлі бясконцым патокам. Грузавыя і легкавыя, тралейбусы і аўтобусы. А сляпы ўсё чакаў і нецярпліва пастукваў кульбай.\\ «Ён адзін не пяройдзе, – падумаў Кастусь. – Трэба дапамагчы».\\ Кастусь падбег да сляпога і зноў узяў яго за руку.\\ Сляпы пазнаў хлопчыка, моўчкі кіўнуў галавой і пакрочыў следам за ім.\\ Перайшлі плошчу. Мінулі адно скрыжаванне, другое. Да вакзала засталося не так ужо далёка.\\ – А зараз вы дарогу знойдзеце? – спытаў Кастусь.\\ – Людзі дапамогуць.\\ «Гэта ж ён будзе ўвесь час у людзей пытаць», – падумаў хлопчык і вырашыў яшчэ крыху правесці сляпога.\\ Ішлі яны павольна, старанна абмінаючы лужыны. А лужын, як на тое, было шмат: раніцай прашумеў дождж з навальніцай.\\ Сляпы маўчаў. Бледны твар яго быў насцярожаны, губы сціснуты.\\ Нарэшце яны дабраліся да вакзала.\\ – Вось і ўсё, – сказаў Кастусь. – Я пабег. А то мне ў цырк трэба.\\ Яны, як роўныя, паціснулі адзін аднаму рукі, і Кастусь заспяшаўся дадому.\\ На плошчы ён зірнуў на гадзіннік і адразу спыніўся. Усё прапала: і білеты, і цырк... Была першая гадзіна. Спазніўся.\\ Кастусь дастаў з кішэні дзве сіненькія, цяпер ужо нікому не патрэбныя паперкі і скамячыў іх.\\ Маці сустрэла Кастуся на вуліцы.\\ Яна заўважыла і слёзы на вачах сына, і скамечаныя білеты, усміхнулася і ласкава сказала:\\ – Не плач, сынку. Я усё бачыла. Было б горш, калі б ты не дапамог таму чалавеку. А цырк ад нас нікуды не дзенецца.\\ Маці купіла новыя білеты і павяла Кастуся ў цырк вечарам. I колькі цікавага ён убачыў там! Але асабліва спадабаліся яму белыя сабачкі, якія выстройваліся ў рады, маршыравалі і па камандзе аддавалі чэсць мядзведзю. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/рыгор-барадулін/рыгор-барадулін-экзамены]] * [[ibdc.ped>срэбная-падкова]] * [[ibdc.ped>цырк-высокіх-тэхналогій]] * [[ibdc.ped>у-цырку]] * [[ibdc.ped>у-цырк-было-ўжо-позна]]