~~META: title = Васіль Зуёнак — Хату будзе воўк стаўляць... &keywords = воўк, хату, птушка, стаўляць, вецер, звер, сонца, шэры, ладзіць, точыць, сякеру, гамонка, цесля &abstract = Чытаць казку Васіля Зуёнка "Хату будзе воўк стаўляць..." &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Хату будзе воўк стаўляць... ====== Сем гадоў,\\ А можа, й дзесяць –\\ Пра адно гамонка ў лесе:\\ Птушка – птушцы,\\ А звер – зверу:\\ – Точыць, ладзіць воўк сякеру.\\ – А навошта?\\ – Як не знаць –\\ Хату будзе\\ Воўк стаўляць:\\ Сцены новыя\\ Ды сасновыя,\\ Аканіцы выразаныя –\\ У настой кары альховай\\ Фарбаваныя,\\ На падлозе\\ Блішчастыя масніцы,\\ Націраныя смалою-жывіцай.\\ Будзе ўзімку\\ На чарэні,\\ На ляжанцы,\\ Як улетку\\ На сонечнай палянцы:\\ І прыемна,\\ Хоць спякотна,\\ Неяк\\ Соладка-дрымотна, –\\ Грэй сабе бакі старыя...\\ ...А пакуль што –\\ Вецер вые,\\ Вецер плача, вецер тужыць,\\ Вецер носіць золь ды сцюжу.\\ Сціхла,\\ Знікла ўсё жывое:\\ Хто ў дупле,\\ Хто пад зямлёю...\\ Ну а воўк?\\ А воўк – без хаты.\\ Сеў пад елкаю кашлатай,\\ Точыць, ладзіць воўк сякеру,\\ На язык лязо прабуе\\ І клянецца цесля шэры:\\ – Летам –\\ Хату пабудую!\\ \\ ...Дні за днямі прамінулі...\\ Ў лесе птушкі ладзяць гулі,\\ Лета цёплае ў разгары.\\ Сонца грэе,\\ Сонца жарыць,\\ Па дзялянках воўк сігае, –\\ Дрэвы шэры выбірае:\\ Абухом па ліпе –\\ Бух!\\ Ліпа мяккая,\\ Як пух...\\ «Не, не дурань я стаўляць\\ Хату новую з гнілля».\\ А сасна – як тая печ, –\\ «Двое сутак будзеш сеч...»\\ Дуб стары і сукаваты...\\ «Не падыдзе ён для хаты».\\ Ад асіны – горкі дух...\\ «Лепш куплю к зіме кажух».\\ Сонца жарыць,\\ Смаліць з неба...\\ «Хата мне\\ Зусім\\ Не трэба...»\\ \\ Замарыўся цесля шэры,\\ Ад знямогі зубы шчэрыць...\\ А язык –\\ Бы стужка тая,\\ Што з-пад гэбля вылятае.\\ \\ ...Сем гадоў,\\ А можа, й дзесяць –\\ Пра адно гамонка ў лесе:\\ Птушка – птушцы,\\ А звер – зверу:\\ – Точыць, ладзіць воўк сякеру...\\ – А навошта?\\ – Як не знаць –\\ Хату будзе\\ Воўк стаўляць... ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>нашы-хаты]] * [[ibdc.ped>хаты-беларусаў]] * [[творы/уладзіслаў-сыракомля/уладзіслаў-сыракомля-пра-маю-старую-хатк]] * [[ibdc.ped>просім-у-хату-госцейкі-нашы]] * [[ibdc.ped>людчына-хата]]