~~META: title = Васіль Зуёнак — Урок паўтарэння &keywords = чацвёрты, энергаблок, адолець, паўтараем &abstract = Чытаць верш Васіля Зуёнка "Урок паўтарэння" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Урок паўтарэння ====== Зноў лічэбнік... Жывым і мёртвым –\\ Паўтарэння зададзены ўрок...\\ Паўтараем: «кожны чацвёрты...»\\ І – «чацвёрты энергаблок...».\\ \\ Паўтараем... Настаўнік Чарнобыль\\ Нагадаў, нібы назнарок:\\ Той – чацвёрты – ваеннай пробы\\ І – чацвёрты – энергаблок...\\ \\ У палях, на лугах, на прысадах –\\ Нібы водгук на кожны крок –\\ Рэха чорнай атамнай здрады...\\ І – чацвёрты энергаблок.\\ \\ На ўзбалотку гараць журавіны,\\ Баравік залез на грудок,\\ А ў вачах – туман з Украіны...\\ І – чацвёрты энергаблок...\\ \\ І глядзіць – у чырвоных пражылках\\ Склератычным тварам лісток,\\ Што скідае клён на сцяжынку...\\ І – чацвёрты энергаблок.\\ \\ Чуюць Хойнікі, чуе Брагін\\ Жураўліны крык ля аблок:\\ Ні расінкі – адолець смагу...\\ І – чацвёрты энергаблок.\\ \\ Як прадвесце сусветнай пустэчы,\\ Як Зямлі патушаны зрок,–\\ Гэты з цёмнымі хатамі вечар...\\ І – чацвёрты энергаблок...\\ \\ Крочыць здань на хадулях ракетных...\\ Просіць свет надзеі глыток...\\ Б'юць у звон Чарнобыля ветры\\ І – чацвёрты энэргаблок.\\ \\ Ён гукае: устаньце, людзі,\\ Каб адолець ядзерны змрок,\\ Бо інакш – не жыццё ў нас будзе,\\ А чацвёрты энергаблок... \\ \\ Крыніца: Зуёнак В. Лета трывожных дажджоў: вершы. – Мінск : Маст. літ., 1990. – 158 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/пімен-панчанка/пімен-панчанка-аб-самым-смачным]] * [[творы/алесь-пісьмянкоў/алесь-пісьмянкоў-1986]] * [[творы/мікола-мятліцкі/мікола-мятліцкі-санеты-чарнобыля]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-боль-чарнобыля]] * [[творы/іншае/сучасная-літаратура-беларусі/тэма-чарнобыля-ў-беларускай-паэзіі]]