Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-зуёнак:васіль-зуёнак-тры-вышыні

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Зуёнак — Тры вышыні...

Тры вышыні,

тры сілы знаю ў лесе:

З камлёў – сталёвая,

дзе мох бароды звесіў;

Другая –

песняй звонкай –

пасярэдзіне,

Дзе сонца захлынаецца ад медзі;
А ля аблок –

у гойданцы зялёнай –

Жыцця пачаткі

правяць цуд штодзённы…

З камлёў тугіх

спрадвек вянцы вязалі,

З балоняў

звонкія цымбалы выразалі,

Ўзляталі думкай да вяршынь

паэты –

Пазнаць

імгнення і жыцця

сакрэты…

Такім я знаў цябе…

А тут жахнуўся:

Не ўцяміў – дзе я…

І не ўцямлю, мусіць:

Рабрыстыя – ў падсочках,

нібы здані, –

О сосны,

хто прыдумаў вам Майданак?!

Хто цвёрдаю рукой падрэзаў жылы,
Жывіцу цягне з вас –

жывую сілу?..

Знайду!

І перад вашым, сосны, вечам,

На тым судзе –

лясным і чалавечым –

Спытаю гнеўна –

хай адказ трымае:

Чаму

дух смольны з нашых хат знікае

І гніль вянцы бярэ?

І гэтак вяла

І глуха так

чаму пяюць цымбалы?

Чаму ў паэтаў паніжэлі думы,
Не вырвуцца ніяк з пустога тлуму?..
І калі ён змаўчыць,

дык вы – крычыце!

Крычыце, сосны,

сосны, не маўчыце…


1965

Крыніца: Зуёнак В. Выбраныя творы. Уклад., камент. аўтара; прадм. Н. Заяц. – Мінск: Кнігазбор, 2010. – 512 с. («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Падобныя старонкі

  • васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-сон
  • васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гаварыла-маці
  • васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі
  • васіль-зуёнак
  • васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-грымотах-ашалелых-веку
творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-тры-вышыні.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki