~~META: title = Васіль Зуёнак — Тры вышыні... &keywords = сосны, крычыце, вянцы, жыцця, цымбалы, камлёў &abstract = Чытаць верш Васіля Зуёнка "Тры вышыні..." &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Тры вышыні... ====== Тры вышыні, тры сілы знаю ў лесе: З камлёў – сталёвая, дзе мох бароды звесіў; Другая – песняй звонкай – пасярэдзіне, Дзе сонца захлынаецца ад медзі;\\ А ля аблок – у гойданцы зялёнай – Жыцця пачаткі правяць цуд штодзённы… З камлёў тугіх спрадвек вянцы вязалі, З балоняў звонкія цымбалы выразалі, Ўзляталі думкай да вяршынь паэты – Пазнаць імгнення і жыцця сакрэты… Такім я знаў цябе… А тут жахнуўся: Не ўцяміў – дзе я… І не ўцямлю, мусіць: Рабрыстыя – ў падсочках, нібы здані, – О сосны, хто прыдумаў вам Майданак?! Хто цвёрдаю рукой падрэзаў жылы,\\ Жывіцу цягне з вас – жывую сілу?.. Знайду! І перад вашым, сосны, вечам, На тым судзе – лясным і чалавечым – Спытаю гнеўна – хай адказ трымае: Чаму дух смольны з нашых хат знікае І гніль вянцы бярэ? І гэтак вяла І глуха так чаму пяюць цымбалы? Чаму ў паэтаў паніжэлі думы,\\ Не вырвуцца ніяк з пустога тлуму?..\\ І калі ён змаўчыць, дык вы – крычыце! Крычыце, сосны, сосны, не маўчыце… \\ 1965\\ \\ Крыніца: Зуёнак В. Выбраныя творы. Уклад., камент. аўтара; прадм. Н. Заяц. – Мінск: Кнігазбор, 2010. – 512 с. («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура). ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-сон]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гаварыла-маці]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі]] * [[постаці/васіль-зуёнак]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-грымотах-ашалелых-веку]]