~~META: title = Васіль Зуёнак — Такі быў знак… &keywords = сонца, знак, будзе, скарына &abstract = Чытаць верш Васіля Зуёнка "Такі быў знак…" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Такі быў знак… ====== Гербы кавалі шляхта і князі,\\ Каб дрэва радаслоўнае адзначыць,–\\ Тады і слава будзе на мазі,\\ І справа будзе абяцаць удачу!\\ \\ Пад іх аховай зборышча гуло\\ На сейміках ад пыхі засцянковай,\\ На гетмана якраз акрас было У захудалым гербе шляхцюковым.\\ \\ Не трапіў у гербоўнік гэты знак,\\ І на шчытах не красаваўся слынных,\\ І роду ён не знатнага – аднак: Стаўляў яго першадрукар Скарына.\\ \\ Гравюру тонкую выводзіла рука –\\ Глядзі, люд паспаліты, і кумекай:\\ У промнях сонца – рог маладзіка:\\ Як фас і профіль твару чалавека.\\ \\ Адны казалі: «Гэта ноч і дзень,\\ Святло і цемра...» Іншыя: «Францыску Карцела перадаць зацьмення цень\\ У год, калі сустрэўся ён з калыскай...»\\ \\ Мабыць, і так... Але хутчэй за ўсё\\ Быў маладзік хвіліны думнай знакам,\\ Што па начах бяссонна мы нясём\\ Пад спаконвечным кругам Задыяка.\\ \\ А сонца – сімвал светлы пачуцця\\ І прамяністы поўдзень летуценняў.\\ Аблічча двухадзінае жыцця –\\ Развагі холад і агонь натхнення.\\ \\ Прыгледзьцеся – заўсёды на мяжы,\\ Дзе сонечныя вусны, месяц ззяе:\\ Найперш падумай, а пасля скажы,–\\ І вучыць ён і перасцерагае.\\ \\ Затое вочы ў сонца – нібы крык,\\ Яны ляцяць, як гукі роднай мовы.\\ І здаўся ўрэшце месяц-маладзік,\\ І адхінуўся, каб лунала слова!\\ \\ На той выяве герб – аўтапартрэт:\\ Друкар Скарына ў сонечным абліччы\\ Дыктуе веку новы запавет,\\ Парушыўшы біблейскі строгі звычай.\\ \\ Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі\\ Пайшоў у свет, зламаў маўчання крыгі.\\ Цябе мы – як надзею – збераглі,\\ Скарынінскае сонца, наша кніга!\\ \\ Крыніца: Зуёнак В. Вызначэнне: Вершы. Мн.: Маст. літ., 1987. – 167 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>францыск-скарына]] * [[ibdc.ped>эпоха-францыска-скарыны]] * [[ibdc.ped>спадчына-скарыны]] * [[ibdc.ped>мастацкая-скарыніяна]] * [[творы/іншае/францыск-скарына-з-прадмовы-да-кнігі-юдз]]