~~META: title = Васіль Зуёнак — Сон &keywords = сон &abstract = Чытаць верш "Сон" Васіля Зуёнка &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Сон ====== Ноч не збавенне – толькі забыццё... Засну – а ў грудзі ломяцца трывогі, I сэрца пад рукой бяссільнай б'ецца, Пакуль не вырвецца... Імклівае, ляціць I, нібы спадарожнік, шле сігналы\\ З далёкага дзяцінства, з хаты той, Што побач з новай стала хлеўчуком I грэе Лыску, ціхую карову, Каб напаіць унукаў сырадоем...\\ Гукае сэрца. Абяцае мне Шляхі другія – без блуканняў марных I светлыя надзеі... Абяцае, А я ляжу – глухі і бессардэчны... Тады другое сэрца\\ крыкне ў роспачы –\\ I я зрываюся з падушкі: – Мама! I я бягу, бягу, бягу, бягу... A ногі не нясуць. Яны хітрэйшыя: Няма дарогі ў час той, дзе калісьці Я да грудзей хінуўся камячком,\\ Куды сягоння клікалі два сэрцы I будуць клікаць, покуль два – жывыя:\\ Адчуць наноў хвіліну нараджэння I радасці бяссоннай ля калыскі...\\ Няма туды дарогі... Сон ірвецца... Каменнае, халоднае здранцвенне...\\ I – мегатонным выбухам – удар Сэрца.\\ \\ 1966 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-грымотах-ашалелых-веку]] * [[постаці/васіль-зуёнак]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гаварыла-маці]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-помнік]]