~~META: title = Васіль Зуёнак — Прыцягненне &keywords = Зуёнак, прыцягненне &abstract = Аналіз паэмы Васіля Зуёнка "Прыцягненне" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Прыцягненне ====== Ад Сялібы-Зямлі да касмічных прастораў скіроўваецца аўтарская думка ў паэме Васіля Зуёнка «Прыцягненне». Паэма лірыка-публіцыстычная паводле агульнай інтанацыйнай афарбоўкі. Прысвечаная беларускаму касманаўту Уладзіміру Кавалёнку, земляку аўтара, яна ўяўляе сабой лірычны роздум аб чалавеку і яго месцы ў Сусвеце.\\ Матыў «узаемапрыцягнення» Зямлі і Неба – адзін з асноўных у творы: з Зямлёю звязваецца ўсё самае дарагое, роднае, з Небам – вера ў мару, імкненне да нязведанага, прычым супрацьлеглыя стыхіі аднолькава неабходныя чалавеку. Полюсамі прывязанасці для У. Кавалёнка, героя паэмы, выступаюць начное неба, адкуль «загадкава кліча ў палёт Арыён», і знаёмыя мясціны з гаваркімі назвамі – Белае, Падбярэззе, Клён, Зялёная Пушча, што вяртаюць на Зямлю.\\ Зямля ў творчасці [[постаці/васіль-зуёнак|Васіля Зуёнка]], «вечнага аратага» на паэтычнай ніве, – найвялікшая каштоўнасць. Разам з тым, па назіранні І. Шпакоўскага, гэты аўтар, бадай, ці не самы паслядоўны «культавік» сонца сярод беларускіх пісьменнікаў. У «Прыцягненні» адбываецца пэўнае размежаванне свету паэтычных прывязанасцяў Васіля Зуёнка: зямное ён «пакідае» сабе, нябеснае «аддае» свайму герою, пры гэтым дзве іпастасі не супрацьстаяць, а ўзаемадапаўняюцца, выяўляюць розныя грані чалавечай сутнасці. Паэт і касманаўт – два крылы незвычайнай, фантастычнай птушкі – птушкі памкненняў чалавека, сувязнога звяна паміж зямлёй і небам.\\ Нягледзячы на неабходнасць чалавеку Неба, галоўная для яго ўсё ж Зямля. Вядома, што на касмічную арбіту У. Кавалёнак узяў томік вершаў Васіля Зуёнка «Нача» – «кавалачкам Радзімы», «лістком Зялёнай Пушчы» разам з ім па бяскрайніх галактычных прасторах ляцеў і паэт: Я ляцеў, каб з роднаю зямлёю\\ Нітаваўся вырай твой высокі.\\ «Вось яна – не расставайся з ёю», –\\ І крылом я расхінаў аблокі. <…>\\ Чуеш – вецер у дубах зашастаў,\\ Чуеш – хваляй б’ецца ў бераг Нача,\\ Чуеш – камень уздыхнуў мышасты:\\ Метэорны сон, відаць, пабачыў… \\ Ключавым, канцэптуальна значным у паэме паўстае сімвалічнае зямное прыцягненне, што разумеецца не проста як фізічны закон, а становіцца духоўным абавязкам кожнага. Аўтарская думка найперш накіравана на сцвярджэнне «духоўнага прыцягнення». Прывязанасць да крэўнага, роднага, знаходжанне «сэнсу галактык» у любові да Радзімы робяць чалавека сапраўды чалавекам, не дазваляюць яму стаць пылінкай у бязмежжы «духоўнай бязважкасці»: Зямля мая,\\ Не дай нам адарвацца,\\ Ляці за намі\\ Ў тысячу пагонь <…>\\ І, можа, сэнс галактыкі –\\ Смаргонь\\ Ці Лукам’е\\ Ў світанні сітнягоў,\\ І крылы мы ствараем,\\ Каб вяртацца. \\ Паэт непакоіцца аб захаванні натуральнай раўнавагі ў сістэме Зямля – Космас. Планета людзей з касмічнай арбіты і з вышыні думак бачыцца маленькай слязінкай: «Яна слязінкаю дрыжыць, / А на слязінцы – людзям жыць…» Глабальны клопат чалавецтва заключаецца ў тым, каб не дазволіць слязінцы-планеце растварыцца ў агромністым акіяне Галактыкі: думаючы пра Зямлю, чалавецтва думае пра сваю будучыню. Наталля Заяц ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі]] * [[постаці/васіль-зуёнак]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-грымотах-ашалелых-веку]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гаварыла-маці]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-сон]]