Васіль Зуёнак — З вайны сустрэлі мацяркі сыноў...

З вайны сустрэлі мацяркі сыноў
I выглядалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:

«Прапаў без вестак…»


Сябры пасмуткавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
Не вернецца… Знаць, лёс яе такі…
Ды толькі сын для маці не загінуў.

Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
I высушыць на родным твары слёзы.

Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,

гамоніць з імі,

плача і ўздыхае…


I ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: «Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне… Чакай!..»
Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.


Адказы на пытанні:
1. Гэты верш навеяў сумныя думкі аб тых матулях, якія на працягу доўгіх год чакаюць сваіх сыноў, якія не вярнуліся з вайны дадому. Загінулі без вестак.
2. Верш Васіля Зуёнка «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…» патрэбна чытаць павольна, сумна, шчымліва, выразна.
3. Тэма твора: асабістая трагедыя матуль, якія не дачакаліся сваіх сыноў дадому, не магчымасць з імі развітацца.
Ідэя твора заключана ў радках:

Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.


4. Празаічны твор Васіля Быкава "Незагойная рана", як і верш «З вайны сустрэлі мацяркі сыноў…» ярка раскрываюць пачуцці і перажыванні матуль, сыны якіх прапалі без вестак на вайне.
У празаічным творы гэта раскрываецца пры дапамозе наступных прыёмаў: аўтар укладвае ў адзін дзень усё жыццё гераіні з дапамогай яе ўспамінаў і сну; настрой і пачуцці старой Тэклі раскрываюцца вельмі падрабязна праз пейзажныя замалёўкі, сустрэчы з іншымі персанажамі.
У вершы Зуёнка пачуцці маці раскрываюцца праз метафары: «разгладзіць ёй маршчыны, высушыць на родным твары слёзы», «гамоніць з імі (кашулямі)», эпітэтаў: родны твар, тысячы прычын, паўтораў: «чаму», «чакай мяне, чакай…»
5. У якасці эпіграфа да апавядання Васіля Быкава «Незагойная рана» можна ўзяць радкі з верша:

Ідуць гады,
I кожны дзень чакае маці сына.

Падобныя старонкі