~~META: title = Васіль Зуёнак — Грыбная кніжка &keywords = грыб, шампіньён, рыжы, лес, грыбоў, грыбнікі, кошык, масляк, казляк, завуць &abstract = Чытаць "Грыбную кніжкі" Васіля Зуёнка &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Грыбная кніжка ====== //Дзед з унукамі, Васілі,\\ Знатакі грыбныя:\\ Скалясілі, абышлі\\ Сцежкі ўсе лясныя.\\ Дзе ўжо толькі былі:\\ І ў бары, і ў пушчы.\\ Цудаў шмат на той зямлі:\\ Бачыць, хто відушчы...//\\ \\ **Як без песні...**\\ Баравік ёсць баравік:\\ У грыбной праграме – цвік.\\ \\ Без яго грыбное свята,\\ Як без песні ў свята хата.\\ \\ Ходзіш дзень па баравінах,\\ А ўваччу ўсё той, адзіны,\\ Што брылём фасоніць бурым\\ Пры мажной сваёй фігуры.\\ \\ Кош не кош у грыбніка,\\ Як няма баравіка!..\\ \\ **З тым берэтам ды ў сакрэты?..**\\ І крамяны, і барвяны.\\ Прыгажун. усімі знаны,\\ І ажно ў баравіка\\ Лічыцца за сябрука.\\ \\ Верас, мох і дзераза, –\\ Там асіна песціць сына,\\ І на зрэзе, з-пад ляза,\\ Ён сінее, як асіна...\\ \\ Хоць да славы не жадзён,\\ А здалёку ўсім відзён:\\ Хіба з гэтакім берэтам\\ Пагуляеш у сакрэты?!\\ \\ Як сустрэнеш – не гадай,\\ Дакументы не пытай,\\ Пашпарт гэтакі ягоны:\\ Падасінавік чырвоны.\\ \\ **Пад бярозай, пад лазой...**\\ Падбярозавік – але\\ Не блукай вакол бярозы,\\ А глядзі крыху далей:\\ Любіць грыб цянёк у лозах,\\ З ім сустрэнешся на ўзлессі,\\ Дзе чабор з пчалінай песняй.\\ \\ Сціплы, не вачасты, –\\ Клічуць бабкай часта,\\ А зірнуць на шапку,\\ Дык завуць абабкам...\\ \\ Падбярозавік заўжды\\ Цягнецца да грамады.\\ \\ **Дзе масляк, дзе казляк...**\\ Дзе масляк, дзе казляк,\\ Блытаюць звычайна.\\ Ды нямашака, аднак,\\ Тут вялікай тайны.\\ \\ Нізенькі масляк, нібыта\\ Маслам паліваны,\\ Знізу плёнкаю прыкрыты,\\ Плотны і крамяны.\\ \\ А казляк – з нагою,\\ Тонкай і даўгою.\\ Ніз – як сіта рэдкае,\\ То й завуць рашэтнікам.\\ Любіць мох, дык часцяком\\ Клічуць і махавіком...\\ \\ Дзе масляк, дзе казляк, –\\ Сэнс не ў тым галоўны:\\ Называй і так і сяк –\\ Быў бы кошык поўны!\\ \\ **Лезе з моху махавік...**\\ Запусціў свой рухавік,\\ Лезе з моху махавік.\\ Развінае плечы,\\ Ад натугі крэкча\\ Паспрабуй прабіцца\\ З гэтакай цямніцы...\\ \\ А калі прабіўся –\\ І грыбнік з’явіўся:\\ \\ – Ну, здароў, махавічок,\\ Казлякоў сваячок!..\\ \\ **Тры браты**\\ Хай збяруцца сто судоў,\\ Адаб’юць хай сто глуздоў,\\ А прысудзяць першы прыз\\ Беламу – грузду з груздоў.\\ \\ Ён – салёны –\\ І зімой,\\ Нават і ў сакавіку,\\ Як закінеш за шчаку,\\ Фору дасць баравіку!\\ \\ Чорны – беламу да пары,\\ Ды і жоўты грузд не ўдарыць\\ Перад імі ў лужу тварам, –\\ З бульбай – поўня смакаты\\ Тры салёныя браты!\\ \\ **Прыпеўкі**\\ Сыраежкі-модніцы\\ Ходзяць-карагодзяцца –\\ Станікі цукровыя,\\ Хусцінкі каляровыя:\\ Жоўтыя, чырвоныя,\\ Блакітныя, зялёныя...\\ \\ На вясёлым кірмашы\\ Ім іграюць ад душы:\\ На скрыпачках конікі,\\ Чмялі на гармоніках,\\ Аж да ночы цэлы дзень\\ Б’е ў свой бубен авадзень...\\ \\ Сыраежкі-модніцы\\ Ходзяць-карагодзяцца...\\ \\ На палянку, на лужок,\\ Быццам неспадзеўкі,\\ Выбягаюць у танок\\ І пяюць прыпеўкі:\\ \\ – Не тапчы лясныя сцежкі,\\ Не пытайся: "Дзе жывеш?.." –\\ Сыраежка, сыраежка –\\ Ды сырцом, аднак, не еш!..\\ \\ **Таўстушка-пястушка**\\ Быццам спала на падушках\\ Распанелая таўстушка:\\ \\ Пухленькія шчокі,\\ Поўненькая ножка, –\\ З верасоў высокіх\\ Выйшла на дарожку.\\ \\ Стала, пазяхае,\\ Што рабіць, не знае:\\ Ці пайсці пагуляць,\\ Ці яшчэ крыху паспаць?..\\ \\ Ах, таўстушка,\\ Ах, пястушка,\\ Распанелая,\\ Распаўнелая,\\ \\ Не сябруй з пухавікамі –\\ Пойдзем з намі,\\ З грыбнікамі!..\\ \\ **Рыжы, рыжы, паласаты...**\\ Рыжы, рыжы, паласаты –\\ Кольцамі палосы, –\\ То ў цяні яловых шатаў,\\ То на жаўтапёсах,\\ \\ То жыве каля дарогі –\\ У траве, не ў хлудзе, –\\ \\ Месца знай – і да знямогі\\ Ногі біць не будзеш.\\ \\ Рыжы, рыжы, сакавіты,\\ Нібы сонейкам наліты...\\ \\ Хто ж ён –\\ Смажаны, салёны\\ І на ўсе лады хвалёны?\\ \\ Гэта рыжы, рыжы Рыжык.\\ З’еш –\\ І пальчыкі абліжаш!\\ \\ **Сястрычкі**\\ У лісіцы ёсць сястрычкі –\\ Палахлівыя лісічкі.\\ \\ З раніцы ў сасонніку\\ Грэюцца на сонейку,\\ \\ А калі хто загукае,\\ Дык у верас уцякаюць.\\ \\ Мы спыталіся ў лісіцы,\\ Дзе хаваюцца сястрыцы,\\ \\ А яна й не знае,\\ Што сястрычак мае...\\ \\ **Чапурыліся ваўнянкі...**\\ Чапурыліся ваўнянкі,\\ Засцянковыя шляхцянкі:\\ Знайце, рыжыкі-паны:\\ На кірмаш ідуць яны.\\ \\ Выхваляліся таварам –\\ Нібы сонца, рыжым тварам,\\ Мыліся, каб стаў свяжэй:\\ Што рыжэй, то даражэй!\\ \\ Толькі тыя кавалеры\\ Абсмяялі іх манеры,\\ Тыя рыжыкі-хлапцы,\\ Удалыя малайцы,\\ Да ваўнянак ані блізка:\\ "Хоць вы модніцы-фарсісткі\\ Хоць і рыжыя ўсе тварам,\\ Але рыжыкам не пара.\\ І не выратуе мода,\\ Як не знатнай вы пароды".\\ \\ Так спрачацца маглі б\\ Цэлы дзень яны, калі б\\ Не прыспелі грыбнікі\\ Ды сказалі: "Не з рукі\\ Вам смяшыць палянку,\\ Бо і рыжык – слаўны грыб\\ Добры і ваўнянка!.."\\ \\ **Печурыца**\\ Шампіньён, шампіньён –\\ Быццам госць замежны ён:\\ З лесу беларускага,\\ А прозвішча французскае.\\ \\ Шампіньён, шампіньён –\\ Самазванец ці барон?\\ \\ Можа, нашы грыбнікі\\ Не шануюць грыб такі?\\ Ці няма ўжо ў нас імёнаў\\ Для такіх вось шампіньёнаў?..\\ \\ Шампіньён, шампіньён –\\ Грыб, вядомы ў нас здавён,\\ Мае назву: печурыца,\\ Ды замежнай ганарыцца...\\ \\ "Шампіньён"? – Няхай сабе! –\\ Быў бы спраўны на губе!\\ \\ Шампіньён, шампіньён –\\ Ці падсмажыць ці ў бульён –\\ У застоллі кампаньён\\ І па смаку чэмпіён!\\ \\ **Гаварыла гаварушка...**\\ Гаварыла гаварушка\\ Гаварушцы на вушка:\\ – Мы з табою гаварушкі,\\ Нас не возьмуць для сушкі,\\ І хавацца мы павінны,\\ Як бяруць на смажаніну...\\ \\ А калі бяруць на што –\\ Гаварушкам скажа хто?\\ \\ І пра гэта каб узнаць,\\ Выбягалі ўсіх спытаць.\\ \\ Выбягалі, выбягалі –\\ Ды і ў кошык завіталі!.\\ \\ **Горкая кароўка**\\ Хоць у лесе будзе суха –\\ Знойдзеш грыб: завуць гаркуха.\\ \\ А пачуеце: "Кароўка", –\\ Пра яго ж гаворка зноўку:\\ Малаком гаркава-белым\\ Набрыняла ў грыба цела.\\ \\ А каб сок суняў гаркоту,\\ Грыб вымочваюць, а потым\\ Адпраўляюць на засол.\\ А пасля – нясуць на стол.\\ \\ **Пень і апенькі**\\ Як надзене пень з апенек\\ Шапку, – моцны божа! –\\ Нібы ўстане пень з каленек:\\ Стройны ды прыгожы!..\\ **\\ Абманшчык**\\ Ці валуй, ці бычок, –\\ Называй як хочаш.\\ Іншы раз: "Баравічок!" –\\ Крыкнеш і падскочыш.\\ \\ Сядзеш, ножыкам – чырык!\\ Рыжую галоўку –\\ І прыкусіш язык,\\ Зробіцца нялоўка:\\ "Баравік", – падумаў я\\ А падняў – валуя...\\ \\ Ды кідай у кош яго\\ І не засмучайся,\\ Бо абманшчыка свайго\\ Ты з’ясі па часе.\\ \\ З бочкі выцягнеш зімой\\ І ўсміхнешся, браце мой,\\ Як псаваў табе настрой\\ Гэты буранькі бачок,\\ Гэты вол, валуй, бычок...\\ \\ **Зялёнка**\\ У бярозавым лісці,\\ Што на дол спадае.\\ Не, не кожнаму знайсці\\ Грыб той выпадае.\\ \\ Так схаваецца, што узбоч\\ Ходзіш і навокал,\\ Ды яго, хоць і не ноч,\\ Не зачэпіш вокам.\\ \\ А таму – вайстры свой зрок\\ І наперагонкі\\ Не ляці: прыцішыш крок –\\ Знойдзеш і зялёнку!..\\ \\ **Грыб вясёленькі...**\\ Грыб вясёленькі – варушка –\\ Летняя апенька:\\ Дзе пянёк які, гнілушка –\\ Там варушак жменька.\\ \\ Парассядуцца гурточкам,\\ Зблізіўшы галоўкі, –\\ Шэпчуць мамы, шэпчуць дочкі\\ Рыжанькія слоўкі...\\ \\ **Свінуха**\\ Па ўраджаю – бог з багоў:\\ Наразай у посцілку.\\ \\ А імёнаў у яго,\\ Быццам у падпольшчыка!..\\ \\ Як хто хоча, так заве,\\ З яўнаю насмешкай:\\ "Без такога пражывем, –\\ Не вылазь на сцежку", –\\ І "свінуха", і "капыт",\\ "Падальховік горкі",\\ І "кабылка", – кожны спрыт Свой пляце ў гаворку...\\ \\ А калі сагнецца хто,\\ Зрэжа неабачліва,\\ То аж плюне пад кустом:\\ "Ах, свіння няўдзячная!.."\\ \\ Невясёлы ў грыба лёс.\\ Але знаўцы кажуць,\\ Што і ён падыме нос,\\ Калі майстар смажыць.\\ \\ Калі добры апетыт,\\ Ды грыбоў не ўдосталь,\\ То няхай сабе й "капыт" –\\ Аб’ядзенне проста...\\ \\ **Рызыкант**\\ Мухамор, як дэмакрат,\\ Стаў на пень і дужа рад,\\ Павязаў чырвоны бант, –\\ Ну не грыб, а рызыкант!\\ \\ Заклікае ўсіх грыбоў\\ З псіхалогіяй рабоў:\\ – Пакідайма цёмны ельнік –\\ І на волю, на патэльні!..\\ \\ **Бледная паганка**\\ Ёсць паганцы між грыбоў,\\ Выгляд – мірных галубоў,\\ Ды атрутныя знутры, –\\ Іх у кошык не бяры.\\ \\ Мухамор – такі вось тып:\\ Чырваніць палянку...\\ \\ А паганы самы грыб –\\ Бледная паганка...\\ \\ **Абманныя**\\ Цвёрда помні: не абы\\ Несці ў кошыку грыбы.\\ \\ У грыбоў вядомых,\\ Добрых і ядомых,\\ Двайнікі бываюць,\\ Побач вырастаюць.\\ \\ Іх аблічча добра знай,\\ Выгляду не верачы:\\ Сатанінскі абмінай,\\ Жоўцевы і перачны,\\ \\ А дзе пень старэнькі,\\ Там растуць абманныя\\ \\ Жоўтыя апенькі\\ І рыжа-цагляныя...\\ \\ Пазнаёміўся? Тады, Як у лес ідзеш, заўжды Помні: і вядомыя Бываюць неядомыя.\\ \\ **Вяснянкі**\\ На грудку ў сасняку\\ Выглянуць пралескі,\\ Тут жа побач, з пяску,\\ І яны палезуць.\\ \\ Як бардовы камячок\\ Аксаміту ў жмені,\\ Вырастае страчок\\ І смаржок-браценік.\\ \\ Як агню язычкі,\\ Што вясну вітаюць...\\ І шукаюць грыбнікі\\ Іх сярод праталін.\\ \\ **"Баран"**\\ Сустракаецца ён рэдка,\\ Дужа рэдка, але ўсё ж –\\ Калі знойдзеш грыб ты гэткі,\\ Дык грыбоў – адразу кош!\\ \\ Лапушыцца грыб кустом,\\ Нібы грыву развінае,\\ І завецца "бараном"\\ Цэлая сям’я грыбная.\\ \\ **Вожык**\\ Можа, кактус-рабінзон,\\ Што ніколі не галіўся,\\ Кінуў-рынуў свой вазон\\ Ды ў наш лес перасяліўся?\\ \\ Ці карал які марскі\\ Гэтак лёс свой перайначыў?\\ \\ Рэдка знаюць грыбнікі,\\ Што знайсці яго – удача.\\ \\ Дзіўны грыб, і смакатой\\ Здзівіць небывалаю\\ Некалючы вожык той –\\ Ды яшчэ каралавы!..\\ \\ **Прабачэнне**\\ Парасон скракаты –\\ Ты невінаваты:\\ Не ўзнімаецца рука\\ Браць цябе з-за двайніка.\\ \\ Хоць вядома: ты ядомы,\\ Толькі страшыць твой убор:\\ Вельмі ж, вельмі ты падобны\\ На пантэрны мухамор...\\ \\ **Дажджавік**\\ Дажджавік ажно ахрып:\\ "Я ж, – крычыць,\\ Таксама грыб!" –\\ Выйшаў на дарогу,\\ Лезе сам пад ногі.\\ \\ А яго – о, жаль які! –\\ Абмінаюць грыбнікі.\\ \\ Ці, найгорш яшчэ, сваволяць:\\ Чаравікамі футболяць...\\ \\ Дажджавік малады –\\ Беленькая хмарка,\\ А састарыцца – тады:\\ Порхаўка, пухарка.\\ \\ Выбухае пад нагой\\ Мінаю маленькай...\\ А таму – бяры яго,\\ Покуль маладзенькі.\\ \\ Як засмажыш\\ На патэльні,\\ Дык і скажаш:\\ – Смачны вельмі!.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-люстэрку-свіцязі]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-у-грымотах-ашалелых-веку]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гаварыла-маці]] * [[постаці/васіль-зуёнак]] * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-сон]]