~~META: title = Васіль Зуёнак — Гаварыла маці... &keywords = маці &abstract = Чытаць верш Васіля Зуёнка "Гаварыла маці..." &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Гаварыла маці... ====== Ціхія ўспаміны –\\ Горкае багацце...\\ Весняй ночкай з сынам\\ Гаварыла маці:\\ – Ночка дарагая,\\ Колькі ж летаў буду\\ У хаце жыць адна я\\ З думак цяжкай грудай?\\ Толькі іх і знаю,\\ Покуль не прыднее...\\ Набяру-тка маю –\\ Можа, расквітнее?..\\ Ходзіць з хлебам-соллю\\ Гул бяседы весняй,\\ Толькі ў нас застолле\\ Усе забыла песні.\\ У людзей унукі –\\ Грыўкі ільняныя,\\ А мае ж во рукі\\ Па дзіцятках ныюць...\\ Гаварыла маці –\\ Што ёй сын адкажа?\\ А ці зноўку ў хаце\\ Немата заляжа?..\\ – Не крыўдуй на сына:\\ Я і сам не знаю,\\ Як вясну пакінуў\\ Тым грымотным маем.\\ Вечна застануся –\\ Вольны, не жанаты:\\ Хто ж, скажы, мамуся,\\ Пойдзе ў маю хату,\\ Што ў далёкім краі,\\ Што ў чужым куточку –\\ Цёмная, сырая,\\ З жоўтага пясочку?.. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>сустрэча-з-маці]] * [[творы/янка-золак/янка-золак-ода-маці]] * [[ibdc.ped>да-маці]] * [[ibdc.ped>i-надыходзіць-дзень]] * [[ibdc.ped>на-скрыжаванні]]