~~META: title = Васіль Зуёнак — Будучыня &keywords = народ, гісторыю, край, скрыжалях, вяртае &abstract = Чытаць верш Васіля Зуёнка "Будучыня" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Зуёнак — Будучыня ====== Гісторыкі сцвярджаюць:\\ Спазніўся мой народ\\ Здзяржавіць на скрыжалях\\ Свой шлях і радавод.\\ \\ А я гляджу іначай:\\ А што, хіба крывіч\\ Нам крэўнасць не пазначыў\\ У храмах на крыві?\\ Ці не крышыў радзіміч\\ Прышэльцаў на жарству,\\ Не шанаваў Радзіму,\\ Не мацаваў Літву?\\ \\ Ці дрыгавіч-балотнік\\ Лёс у дрыгве праспаў?..\\ \\ Не! – край мой не гаротнік –\\ Мой край з вякоў паўстаў.\\ \\ Народ мой старажытны –\\ І волат, і ратай, –\\ І з ворагам быў квіты,\\ І давяраў братам.\\ \\ Ні ў кога, апроч нівы,\\ Ён хлеба не прасіў…\\ Ды юную наіўнасць\\ Заўжды ў душы насіў.\\ \\ Па славу на скрыжалях\\ Не шастаў да багоў, –\\ Таму й параскрадалі\\ Гісторыю ў яго.\\ \\ Цяпер – цяпер з братамі\\ Мужуе пакрысе –\\ Гісторыю вяртае,\\ Ды аддаюць не ўсе…\\ \\ Ну што ж, мы не з драпежных,\\ Але зважай, сусед,\\ Што нас да ўласных сцежак\\ Вяртае запавет.\\ \\ Яшчэ не вечарэе –\\ Узвесняцца грамы! –\\ Бо памяць не старэе,\\ А разам з ёй і мы.\\ \\ І не ў чарзе па труны\\ Мы ў вечнасці стаім:\\ Народ мой самы юны,\\ І – будучыня з ім!.. \\ ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/служэнне-народу-асноўны-абавязак-мастака]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-народ-у-трылогіі-на-ростанях-]] * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-верны-крэўнаму-брацтву]] * [[ibdc.ped>душа-народа]] * [[творы/максім-лужанін/максім-лужанін-беларускаму-народу]]