~~META: title = Васіль Жуковіч — Снежная баба &keywords = баба, мароз, бяда, зіма, снежная, слёз, дзед, апусціла, смех, дзіцячы, слёзы, згінуў, снег &abstract = Чытаць верш Васіля Жуковіча "Снежная баба" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Жуковіч — Снежная баба ====== Дзе канчаецца пасёлак,\\ дзе мяцеліца мяла,\\ і прыгожай і вясёлай\\ баба снежная была.\\ \\ Там кружыўся лёгкі вецер,\\ там іскрыўся белы снег,\\ там вакол гулялі дзеці\\ і звінеў дзіцячы смех.\\ \\ Эх, зіма, зіма, зіма!\\ Эх, мароз, мароз і снег!\\ Баба снежная сама\\ выйшла на дзіцячы смех.\\ \\ Разгулялася ж адліга,\\ і чаму не спіць яна?\\ Перад гэтым ціхім ліхам\\ баба снежная адна.\\ \\ Апусціла баба рукі,\\ апусціла баба нос,\\ стала плакаць ад дакукі:\\ недзе згінуў Дзед Мароз.\\ \\ Ох, бяда, бяда, бяда,\\ плачу многа, многа слёз,\\ слёзы льюцца, як вада:\\ недзе згінуў Дзед Мароз.\\ \\ Дзе падзеўся ён, старэча?!\\ Ну, не кануў жа ў ваду,\\ можа, вернецца пад вечар\\ і развее злыбяду.\\ \\ Ахапіла бабу скруха,\\ бо на ростані зіма\\ прашаптала ёй на вуха,\\ што яго нідзе няма.\\ \\ Баба снежная тры ночы\\ праклінала горкі лёс,\\ і ўсе выплакала вочы,\\ і растала ўся ад слёз.\\ \\ Ох, бяда, бяда з бядой:\\ не вярнуўся Дзед Мароз,\\ слёзы робяцца вадой,\\ замест бабы – мора слёз. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/юрась-свірка/юрась-свірка-з-першым-снегам]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-першы-снег]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-першы-снег]] * [[ibdc.ped>першы-снег-3700]] * [[ibdc.ped>першы-снег]]