~~META: title = Васіль Жуковіч — Скалечаны голуб &keywords = галубочак, гора, крошкі &abstract = Верш Васіля Жуковіча "Скалечаны голуб" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Жуковіч — Скалечаны голуб ====== Галубочак аднаногі,\\ дзень галодны твой згарае.\\ Пачакай жа, я з дарогі\\ прыбярог табе акраец.\\ \\ Ну, хутчэй збірай жа крошкі:\\ верабейкі сталі хапаць...\\ Падляці бліжэй хоць трошкі!\\ Ты баішся ў рукі трапіць?\\ \\ Асцярожны стаў ад гора,\\ гэта гора, як забудзеш!\\ Ад паўстанку блізка горад –\\ вельмі розныя там людзі...\\ \\ Пэўна, там згубіў ты ножку;\\ паплаціўся за што ёю?\\ Пэўна, быў пасыпаў крошкі\\ хтосьці жорсткаю рукою.\\ \\ Як цяпер ты?.. Дзе начуеш?\\ Дзе сяброўка, галубочак?\\ Вось і поезд мой, ці чуеш,\\ як ён свішча, як грукоча?\\ \\ Ну, паехалі са мною!\\ Рады волі ты галоднай!..\\ Як жа выжывеш зімою\\ на зямлі пустой, халоднай? ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-зіма]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-слухай-родную-прыроду]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-жураўліны-вырай]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-адляцелі-жураўлі]] * [[творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-першы-снег]]