Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-жуковіч:васіль-жуковіч-няма-даражэйшай-зямлі

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Жуковіч — Няма даражэйшай зямлі

Між лясамі ды азёрамі –
лугавіны і палі…
Я не ведаю, не ведаю
прыгажэйшае зямлі.

I бярозкі над дарогамі,
і рамонкі ў мурагу,
і крынічанькі празрыстыя
разлюбіць я не змагу.

Морам жыта разліваецца –
нельга позіркам абняць.
Пад нябёсамі пад яснымі
жавароначкі звіняць.

Праплываюць сумнай восенню
над Радзімай жураўлі.
Я не ведаю, не ведаю
даражэйшае зямлі.

З дрэваў лісцейка асыплецца,
прыйдзе белая зіма.
Родны край, зямля адзіная, –
больш такой нідзе няма.

Хай зямля квітнее краскамі,
хай сняжок на ёй ляжыць,
не змагу нідзе забыць яе,
немагчыма разлюбіць.

Падобныя старонкі

творы/васіль-жуковіч/васіль-жуковіч-няма-даражэйшай-зямлі.1755963702.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki