творы:васіль-вітка:васіль-вітка-ёсць-на-зямлі
Гэта старая версія дакумента!
Васіль Вітка — Ёсць на зямлі
Ёсць на зямлі такі куток,
З якім навек я злучаны,
Адкуль ступіў свой першы крок –
Мая радзіма – Случчына.
Не зводзіліся ўсе вякі
На Случчыне паэты.
Вянкі іх песень – рушнікі,
Сурвэты – іх санеты.
Увекавечыў Слуцак нас
Сваімі паясамі.
А пра цяперашні наш час
Вы ведаеце самі.
Пачуўшы ад старых людзей,
На ўласны смак праверыў –
Няма нічога саладзей
Славутай слуцкай бэры.
А тыя, хто памаладзей,
Перадаюць унукам –
Няма нічога саладзей,
Чым слаўны слуцкі цукар.
Сябры, паверце земляку:
За век свой некароткі
Я ўпэўніўся, што случаку
Увесь наш край салодкі.
Над Случчынай салодкі звон,
Як рой наўкола маткі.
Люблю яшчэ з дзіцячых дзён
Салодкія загадкі.
1976
Падобныя старонкі
- случчына
- слуцкія-паясы-4086
- васіль-быкаў/васіль-быкаў-на-чорных-лядах
- васіль-вітка/васіль-вітка-трывога-ў-ельнічах
- васіль-вітка
творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ёсць-на-зямлі.1755861677.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:21 — 127.0.0.1