~~META: title = Васіль Вітка — Хто памагае сонцу &keywords = сонца, сонейка, рабіць, прачнецца, беднае, дапамагае, трубіць, пайшоў, спалі, суседа, дзень &abstract = Чытаць казку Васіля Віткі "Хто памагае сонцу" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — Хто памагае сонцу ====== У вясновы доўгі дзень\\ Так яно папрацавала,\\ Што, зняможанае, ў цень,\\ Дзе стаяла, там і ўпала.\\ \\ I праспала усю ноч\\ На балоце каля пушчы.\\ Рада ўстаць – не можа воч\\ Ні падняць і ні расплюшчыць.\\ \\ Што рабіць і як тут быць –\\ Сонца беднае не знае.\\ Стаў пастух яму трубіць,\\ Бачыць – не дапамагае.\\ \\ Стаў ён выганяць кароў –\\ Ні адна не йдзе на пасту.\\ Між палёў, лугоў, бароў\\ Соннае пануе царства.\\ \\ Не здагадваецца свет,\\ Што мінула ўлада ночы.\\ Дзеці снедалі ў абед,\\ Спалі – хто калі захоча.\\ \\ I такі пайшоў бязлад,\\ Што не ўцяміць і старому.\\ Дзед прывёў унука ў сад,\\ Калі ўсе пайшлі дадому.\\ \\ Мамы ў яслі малышоў\\ Валаклі пасля работы.\\ Тата ў магазін пайшоў,\\ Маміны абуўшы боты.\\ \\ Вучні ўсталі, зноў ляглі,\\ Бо гадзіннікі стаялі,\\ Ўсе ж яны па сонцу йшлі,\\ Пеўні беспрабудна спалі.\\ \\ Заблыталася ўсё ў той дзень,\\ Не разблыталася б, мусіць,\\ Каб на вязе на гняздзе\\ Не прачнуўся стары бусел.\\ \\ Выйшаў на шырокі двор,\\ Глянуў у прастор бясконцы.\\ Не знайшоў на небе зор,\\ А над забалаццем – сонца.\\ \\ Перадаўся буслаў страх\\ Ад суседа да суседа.\\ Махануў за птахам птах,\\ Прыляцелі ўсе да дзеда.\\ \\ Кожны ведаў, што рабіць.\\ Глянулі з вяршыні вяза –\\ Бачаць, сонейка не спіць,\\ Сонейка ў дрыгве завязла.\\ \\ Мітусня і валтузня\\ Не па ўласнай там ахвоце.\\ Б’ецца, беднае, паўдня,\\ Ледзьве бачнае ў чароце .\\ \\ Промень даў нырца – і ўсплыў\\ На лістку, як на далоньцы.\\ Падхапіліся буслы\\ Памагчы усходу сонца.\\ \\ Падчапілі – паднялі!\\ Колькі сілы – глянуць люба:\\ Шар чырвоны па зямлі\\ Коцяць, аж мільгаюць дзюбы.\\ \\ Выкацілі на грудок.\\ Пад нагамі прысак дыша.\\ Сонейка ступіла крок\\ I пайшло ўсё вышай, вышай.\\ \\ Вось смяецца з неба нам,\\ Шле ласкавыя праменні,\\ А сябрам сваім – буслам\\ З пакалення ў пакаленне\\ \\ Кожнай раніцай яно\\ Дзякуе за дапамогу –\\ Не забыла, як вясной\\ Апалілі птушкі ногі,\\ \\ А не кінулі ў бядзе\\ Аднаго з балотам біцца.\\ Болей сонца ўжо нідзе\\ Спаць у багну не лажыцца.\\ \\ Знае, што яму рабіць,\\ Калі загадзя прачнецца.\\ Пастуху не варт трубіць –\\ Раніца ў свой час прачнецца.\\ \\ Ведайце, сябры мае,\\ Добрую прывычку мае\\ Той, хто рана устае –\\ Сонейку дапамагае. ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>гімн-жыццю]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-галоўны-дворнік]] * [[творы/максім-лужанін/максім-лужанін-на-ўсходзе-сонца]] * [[ibdc.ped>сонца-не-стаіць-на-месцы]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-усход-сонца]]