~~META: title = Васіль Вітка — Страшная казка &keywords = казка &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Віткі "Страшная казка" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Вітка — Страшная казка ====== \\ Наташка і Стасік доўга не засыналі. А бабцы хацелася, каб яны спалі. Бабка збіралася ў госці. Яна абяцала, што прынясе пірага. Смачнага, салодкага. Нават кот, які сядзеў на пасцелі, і той не вытрымаў, аблізнуўся.\\ — Раскажы нам казку, — папрасіў Стасік, — а тады ідзі сабе.\\ Бабка расказала казку. Страшную, пра ваўка. Стасік прыцішыўся. А Наташка пачала плакаць:\\ — Бабка, не ідзі. Мне страшна.\\ — Добра, я не пайду. Спіце, дзеткі. Я каля вас буду сядзець...\\ Як толькі дзеці пазасыналі, бабка надзела новую кофту, завязала белую хустку і нават у люстэрка паглядзелася. Толькі яна там нічога не ўбачыла, бо было ўжо цёмна. А запальваць святло яна пабаялася, каб не пабудзіць дзяцей.\\ «А калі і праўда папрачынаюцца, а мяне не будзе, — падумала бабка, — яны ж з плачу пазаходзяцца...»\\ Але бабцы вельмі хацелася пайсці ў госці. I тады яна надумалася зрабіць другую бабу. Узяла дзве падушкі, надзела на іх старую сукенку, а малую падушку абвязала хустачкай і паклала зверху...\\ Стасіку ўночы захацелася піць. I ён праз сон папрасіў:\\ — Малачка...\\ Ніхто на абазваўся. Тады Стасіку яшчэ мацней захацелася малачка, і ён прачнуўся. Баба сядзела на сваім месцы.\\ — Бабка! — гукнуў Стась.\\ Але бабка нават не варухнулася. Тады Стасік падсунуўся бліжэй і хацеў яе пабудзіць. Толькі крануў за плечы, а яна ўзяла і з’ехала з ложка далоў.\\ Стасік спалохаўся і пабудзіў Наташку. Але тут яны ўбачылі нешта яшчэ больш страшнае. З цемры на іх глядзелі блішчастыя вочы. Якраз як у таго звера, пра якога бабка расказвала казку.\\ — Воўк! — крыкнула Наташка.\\ — М-м-яў!.. — азваўся воўк.\\ Дзеці пазналі ката Кузьму. А той пачаў лашчыцца да іх, залез пад коўдру і заспяваў ціхую знаёмую песню.\\ Цяпер Наташы і Стасіку было не страшна. Хутка яны заснулі зноў. Прачнуліся толькі раніцай і зусім не пакрыўдзіліся на бабку, бо яна такі стрымала сваё слова. Дала кожнаму па вялікаму кавалку салодкага пірага. А коціку не здагадалася даць. Тады Стасік сказаў:\\ — Бабка, дай коціку. ён пільнаваў нас. З ім нам ніякі воўк не страшны.\\ Бабка дала пірага і коціку. \\ 1958 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-вавёрчына-гора]] * [[творы/максім-танк/максім-танк-казка-пра-музыку]] * [[слоўнік/казка]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ппш]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-казкі-і-краскі]]