~~META: title = Васіль Вітка — Стасева падарожжа &keywords = Стась, падарожжа &abstract = Чытаць апавяданне "Стасева падарожжа" Васіля Віткі &iftrue = True ~~ ====== Васіль Вітка — Стасева падарожжа ====== \\ Малога яго вазілі ў калясцы. Калі ж ён навучыўся хадзіць, дык вазілі яго рэдка. Каляска пуставала. Потым ён сам прабаваў падымаць дышаль і голасна пакрыкваў: но, но! Але сілы не ставала, і колькі ён ні тузаўся, не мог скрануць воза. Потым бабка прыстасавала Стасеву машыну для свайго абыходку.\\ Возьме рыдлёўку, пасадзіць унука ў каляску — і паехалі з двара на другі бок вуліцы. Там, на агародзе, яна капала бульбу, а Стась збіраў па адной і кідаў у каляску.\\ — Баба, хопіць! — казаў Стась і, падцягнуўшыся на дыбачках, заглядаў цераз білца, колькі ўжо ён накідаў.\\ Бабка, паклаўшы рыдлёўку, выкіроўвала каляску з разоры на дарогу. Стась ужо не садзіўся ехаць. Ён памагаў везці воз. Узяўшы доўгую цявіну, хвастаў па дышлі і падганяў: но,но!\\ Дарога была недалёкая, і Стась нават шкадаваў, што так хутка канчалася яго вандроўка.\\ А хлопец любіў вандраваць. Як толькі згледзеў, што бабка некуды збіраецца, ён ужо гатоў:\\ — Бабка, куды ты?\\ — На трэці пасёлак схаджу.\\ — I я з табою.\\ — Не зойдзеш, унучак. Ножкі забаляць.\\ Колькі ні адгаворвала — не памагло. Пайду і пайду.\\ — Ідзі, але каб не плакаў, не прасіўся на рукі.\\ I Стась пайшоў. Пайшоў у першае вялікае падарожжа.\\ Мінуўшы сваю вуліцу, яны поплавам пайшлі паўз калгасны сад, потым паўз гараж, дзе стаялі грузавыя машыны, а каля кузні завярнулі ў доўгую-доўгую, не знаёмую Стасю вуліцу. Гэта і быў трэці пасёлак. Усё было тут такое новае і цікавае, што хлопец не адчуваў аніякай стомы.\\ Каля хаты, перад вокнамі якой цвілі мальвы, яны спыніліся. Стась першы раз бачыў такія высокія кветкі, упоравень са страхою. У іх ружовых трубах, як у рэпрадуктарах, раўлі на ўвесь агародчык калматыя чмялі. Не паспеў Стась надзівіцца, як з двара загукалі:\\ — Ой, глядзіце, які госць прыйшоў!\\ I добрыя рукі падхапілі Стася, а дзверы самі расчыняліся перад ім: перш у сенцах, потым у хаце. Калі Стась разгледзеўся, ён пазнаў, што гэта была яго другая бабка, татава мама, Матрэна.\\ Чым толькі ні частавалі госця! I мёдам, і яблыкамі, і гарбузікамі. А на адыходзе бабка Матрэна насыпала яму гарбузікаў яшчэ і ў кішэню.\\ — Бяры, унучак. Па дарозе будзеш лузаць. Дарога ж доўгая.\\ I сапраўды, дарога назад здалася хлопцу такою доўгай і цяжкай, што было не да гарбузікаў. Як толькі выбраліся яны з бабкай на поплаў, ён стаў прасіць:\\ — Бабачка, любенькая, сядзем каля гэтага стога.\\ I яны селі, і сядзелі-такі доўга. А калі ўсталі, дык Стасю ўжо зусім не хацелася ісці. Ён гатоў быў папрасіцца на рукі, каб не баяўся, што другі раз бабка не возьме з сабою. Тады Стась учапіўся за мультановую бабчыну спадніцу і, нехаця перастаўляючы ногі, ледзь дайшоў да калгаснага гаража.\\ — Зойдзем да таты, — сказаў ён. — Няхай падвязе. Вунь дзе ён! — радасна закрычаў Стась, убачыўшы каля машыны свайго бацьку, які рабіў у калгасе шафёрам. Бацька якраз садзіўся ў кабіну.\\ — Тата, падвязі! — гукнуў Стась.\\ Бацька, мабыць, не пачуў. Памахаў сыну рукой з кабіны. Машына загула і павярнула ў палявую дарогу.\\ Стась як стаяў, так і сеў на сцежцы, гатовы заплакаць ад крыўды. Бабка даводзіла, што ў таты цяпер шмат работы: самая звозка з поля.\\ — Ты ж сваю машыну маеш, — сказала яна.\\ — Якую машыну? — падняў галаву Стась.\\ — А каляску. Забыўся, як я цябе вазіла?\\ Стась, седзячы на поплаве, падумаў: а і праўда, як бы добра было цяпер не ісці сваімі нагамі, а ехаць.\\ — Падвязі мяне, бабка, — жаласна папрасіў ён.\\ — Як жа я падвязу? — спагадліва спытала бабка.\\ I раптам радасна пляснула рукамі. — Хіба збегай прывязі каляску, і я цябе як бачыш дакачу да самага дома.\\ Стась недаверліва зірнуў на бабку. Але тая нават і вокам не маргнула. Значыць, гаворка была не так сабе, а напраўду. I Стась, як падмецены, усхапіўся на ногі. Проста дзіва сталася з хлопцам.\\ — Толькі ж ты тут пастой, пачакай мяне! — гукнуў ён, і па зялёнай атаве адно замільгалі яго лёгкія сандалікі. Ён прабег, як пачынаўся калгасны сад, спыніўся, каб упэўніцца, ці стаіць бабка на тым самым месцы, і памчаўся далей.\\ Але і бабка не стаяла. Пакуль бег унучак, яна на поўны ход, назіркам спяшалася за ім. Спыняўся Стась, каб азірнуцца, — спынялася і яна, а потым яшчэ шпарчэй шыбавала ўслед. I толькі на самай паваротцы з поплава ў сваю вуліцу спынілася перадыхнуць.\\ А тым часам з двара Стась ужо вывозіў каляску.\\ Бабка ад душы засмяялася і неўзаметку ўвайшла ў сваю вуліцу. Да іх хаты заставалася прайсці толькі чатыры двары. Засопшыся і стараючыся, колькі было змогі, яе ўнук каціў перад сабой свой нялёгкі воз.\\ З якой палёгкай сеў ён пасля доўгай дарогі ў каляску і быў самым шчаслівым на свеце!\\ Ён ехаў паўз добра знаёмыя яму хаты, паўз вяргіні ў агародчыках, паўз вішнёвыя вулічныя прысады, паўз свой калодзеж і пеўня, што стаяў на плоце і, выцягнуўшы шыю, здзіўлена глядзеў на вялікага падарожніка...\\ Уязджаючы ў двор, Стась сказаў бабцы:\\ — Вось ты і прывезла мяне.\\ Бабка засмяялася:\\ — Гэта ты сам сябе прывёз, унучак.\\ \\ 1959 ===== Падобныя старонкі ===== * [[ibdc.ped>адважныя-падарожнікі]] * [[творы/ян-баршчэўскі/ян-баршчэўскі-падарожжа]] * [[ibdc.ped>кругасветнае-падарожжа]] * [[творы/янка-маўр/янка-маўр-падарожжа-вакол-дома]] * [[творы/сяргей-грахоўскі/сяргей-грахоўскі-падарожжа]]