~~META: title = Васіль Вітка — Спяшайцеся &keywords = слухаць, чуеце, галасы, птушыныя, лясы, поле &abstract = Чытаць верш Васіля Віткі "Спяшайцеся" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — Спяшайцеся ====== Спяшайцеся ў поле, у луг, у лясы –\\ Запісваць птушыныя галасы.\\ Яшчэ на дасвецці, на самым золку\\ Зловім на плёнку\\ Мы перапёлку.\\ Няхай астанецца на стужачцы хоць\\ Заклік на памяць:\\ «Ідзі палоць!»\\ \\ Нямала за век яна перапалола,\\ Нямала ножачак перакалола\\ Горкім асотам, рыжаю піжмаю,\\ Родная, любая, ты ж мая, ты ж мая…\\ Колькі нам дзетак накалыхала,\\ Колькі ў дарогу перагукала…\\ \\ Давайце паставім вось тут мікрафон.\\ Аблюбаваў гэта селішча ён,\\ Той, хто між птушак самы народны,\\ Людзям і лесу блізкі і родны,\\ Тут, у алешніку, дзе зацішней, –\\ Чуеце, чуеце? – ён, салавей!\\ \\ Гэта яшчэ толькі голасу проба\\ I для яго, спевака, не ўвярода.\\ А вось і бліскучая кантылена,\\ Самы канёк яго, тое калена,\\ Адкуль пачынае сапраўдны артыст, –\\ Вунь на якой вышыні яго свіст,\\ Аж з верхавіння сыплецца ліст!\\ \\ Стойце, перад гісторыяй замрыце.\\ Пішаце вы для нашчадкаў! Пішыце\\ Для тых, хто, напэўна, дасягне і сонца,\\ А салаўя будзе слухаць на плёнцы.\\ \\ Сюды, калі ласка, кінаапарат.\\ Бачыце – выстраіліся на пожні\\ Сосны на свой урачысты парад,\\ Баюся, што на апошні.\\ \\ Даўно пералічаныя камлі\\ Прагны сухмень аблізвае.\\ Якія бары былі на зямлі –\\ Пабачыце ў тэлевізары.\\ \\ Напэўна, будзеце млець у экстазе,\\ Як самааддана, ўладарна\\ Грукаў калісьці дзяцел у джазе –\\ Самы выдатны ўдарнік.\\ \\ …Спяшайцеся ў поле, у луг, у лясы –\\ Слухаць птушыныя галасы!\\ \\ 1971 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-слова]] * [[постаці/васіль-вітка]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-генерал-верабей]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-трывога-ў-ельнічах]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ружа-і-штык]]