~~META: title = Васіль Вітка — Самая дарагая рэч у нашым доме &keywords = вучні, дзед, дарагіх, руку, падняў, рэчаў, валодзя, паўлік, рэчы, гаворка, дарагая &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Віткі "Самая дарагая рэч у нашым доме" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — Самая дарагая рэч у нашым доме ====== У адной школе зайшла ў нас гаворка:\\ – Якая самая дарагая рэч у вашым доме?\\ Некаторыя вучні пераглянуліся. Некаторыя паціснулі плячамі. Паўлік першы падняў руку:\\ – Матацыкл! – радасна выгукнуў ён і, задаволены, сеў.\\ Тады падахвоціліся іншыя. Рука за рукой пацягнуліся ўгору:\\ – "Жыгулі"! "Масквіч"! Тэлевізар! Радыёла! Халадзільнік! Піяніна!\\ Дарагіх рэчаў, сапраўды, было многа. Але я заўважыў, што ёсць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія не падымаюць рук. І не таму, што ў іх дамах няма дарагіх рэчаў. Яны здзіўлена паглядзелі то на сваіх сяброў, то на мяне і, відаць, не згаджаліся ні з імі, ні са мною. І я ў душы вельмі абрадаваўся і сказаў:\\ – Малайцы!\\ Тыя, што паспяшаліся з адказамі, палічылі, што гэта я пра іх сказаў. Але цяпер і тыя, што маўчалі, пачалі далучацца да гаворкі. Падняў руку Валодзя.\\ – Самая дарагая рэч у нашай сям’і дасталася мне ад дзеда…\\ Усім нецярпелася дазнацца: якая?\\ – Медаль "За адвагу", – сказаў Валодзя. – Дзед заўсёды ў Дзень Перамогі расказваў, якая цяжкая і страшная была вайна. Мой дзед быў храбры салдат. Ён пад агнём фашыстаў пераплыў Дняпро…\\ Заварушыліся ўсе вучні. Яны зразумелі, што ёсць рэчы даражэйшыя. Гэта асаблівыя рэчы, самыя дарагія для кожнага з нас.\\ Цяпер якраз і пачалася гаворка пра галоўнае, што ўзвышае чалавека.\\ Аказалася, што ў Паўлікавага бацькі, калгаснага брыгадзіра, ёсць ордэн, якім ён узнагароджаны за вялікія ўраджаі. Паўлік ганарыцца сваім бацькам і прызнаўся, што будзе вучыцца на агранома.\\ Многа цікавага расказалі вучні на гэтым незабыўным уроку. Петрык – пра свайго брата-трактарыста, здымак якога змясцілі ў газеце. Волечка – пра бабулін піянерскі гальштук… ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-слова]] * [[постаці/васіль-вітка]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-трывога-ў-ельнічах]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-генерал-верабей]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ружа-і-штык]]