Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-вітка:васіль-вітка-ружа-і-штык

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Вітка — Ружа і штык

Перасохла рэчышча,
Дзе крыніца бегла.
Дзе стаяла печышча —
Учарнела цэгла.

А мясціна бою
Зарасла травою,
Лебядою сіваю,
Стрыклівай крапіваю.

Толькі там, дзе ўпаў ты,
Каля самай хаты,
Дзе твой след крывавы —
Не растуць там травы.

Помнік твой увіты
Непадкупнай ласкай —
Штык у жвір убіты,
А паблізу — каска.

Беражэ ўспаміны
Пра цябе, мой дружа,
Куст густой шыпшыны,
Ўвесь у буйных ружах.

Хай хто дакранецца
Да яго рукою —
Упадзе на сэрца
Кроў жывой расою.

Прарасло жалеза
Вострымі шыпамі,
Будзе вечна свежай
Аб салдаце памяць.

1956

Падобныя старонкі

творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ружа-і-штык.1755963700.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:41 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki