~~META: title = Васіль Вітка — ППШ &keywords = дзеці, дырэктар, пётр, клас, пятровіч, думаў, доўга, трубе, індык, выдатнік, яўтух, папрабуй, дзяжурны &abstract = Чытаць казку Васіля Віткі "ППШ" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — ППШ ====== Я спытаўся ў малыша:\\ – Што такое – ППШ?\\ \\ Доўга думаў малыш:\\ – Ну й загадку задалі ж...\\ \\ Думаў дзень, думаў два –\\ Забалела галава.\\ \\ Вас цяпер я папрашу:\\ Памажыце малышу.\\ \\ Хто адразу адгадае,\\ Хай руку ён падымае\\ \\ І гаворыць: – Я гатоў\\ Растлумачыць тайну слоў...\\ \\ Нешта ж доўга я чакаю...\\ Што? І з вас ніхто не знае?\\ \\ Рук паднятых я не бачу.\\ Сам тады вам растлумачу:\\ \\ Першым П стаіць вышыннае\\ І чытаецца: ПТУШЫНАЯ,\\ \\ П, што выгнута падковаю,\\ Азначае: ПАЧАТКОВАЯ,\\ Ну, а што такое Ш –\\ Ясна і для малыша.\\ \\ Пойдзеш з намі ў ППШ,\\ Ўсё, што ўбачыш, апішы.\\ А то, можа, ты ляўша,\\ Дык дзяцей лепш не смяшы.\\ \\ Навучыся правай перш,\\ Тады сілу папрабуй.\\ \\ Хоч – пішы адразу верш.\\ Хоч – ракетаю кіруй.\\ \\ – А хіба мы на ракеце?\\ Не, давайце пехатой.\\ Бачыце, як блізка свецяць\\ Літары на школе той,\\ На ўсю браму:\\ ППШ.\\ \\ З-пад свайго капелюша\\ Пазірае на нас, дзеці,\\ Сам дырэктар, слаўны Пеця,\\ \\ Пётр Пятровіч ён для вучняў,\\ Для мяне друг неразлучны.\\ \\ – Здароў, Пеця-Певунец,\\ Бурштыновы грабянец!\\ \\ Ты даруй, брат, што я мусіў\\ Да цябе прыйсці з экскурсіяй.\\ \\ Можа, мы прыйшлі зарана,\\ Што яшчэ ў вас не прыбрана,\\ \\ Не расстаўлены і парты\\ І не вывешаны карты?\\ \\ – Ат, – махнуў крылом дырэктар, –\\ Так бывае ў нас нярэдка.\\ \\ Празвінеў даўно званок,\\ Не прыйшоў ніхто на ўрок.\\ \\ Я прачнуўся на зары,\\ Сабраў сшыткі, буквары,\\ \\ Па надворку пахадзіў,\\ Потым вучняў пабудзіў,\\ \\ Па чарзе пачаў пытаць:\\ – Як умееце чытаць?\\ \\ І ніводзін мой сынок\\ Не знаў ўрока назубок.\\ \\ Ні адной задачкі\\ Не рашылі качкі.\\ \\ Дзюбаю вадзіла гусь\\ І па карце лазіла,\\ \\ Ўсё шукала Беларусь\\ Ў Афрыцы і ў Азіі.\\ \\ Так шукала ўпарта –\\ Выдзеўбла ўсю карту.\\ \\ А дачушка курачка,\\ Як зляцела з седала,\\ \\ Выбегла на вулачку:\\ – Я ж яшчэ не снедала.\\ \\ А ў нас сёння бліны,\\ Тата, дай мне выхадны.\\ \\ Тары-бары, растабары:\\ Ты купі мне акуляры,\\ \\ А то я не бачу,\\ Як рашаць задачу.\\ \\ – Ты, малая, не хітры,\\ Не гуляй у жмуркі.\\ \\ Колькі будзе 2 + 3? –\\ Я спытаўся ў куркі.\\ \\ Адказала курка: – 7.\\ Збегаю дамоў, пад’ем.\\ \\ А пасля прыйду з дружком,\\ З выдатнікам індыком.\\ \\ А выдатнік індык,\\ Ён старацца не прывык\\ Ні лічыць, ні пісаць\\ І не знае 5 + 5,\\ Толькі ўмее балбатаць:\\ \\ «Блу-блу-блу,\\ Блу-блу-блу –\\ Вельмі ж я чытаць\\ Луб-лу».\\ \\ Пяты год буквар дзяўбе,\\ А запомніў:\\ А і Б.\\ \\ – Грамацей, грамацей,\\ Ты парадуй нас, гасцей.\\ \\ Калі знаеш А і Б,\\ Дам загадку я табе:\\ \\ Дзве сястрыцы А і Б\\ Добра гралі на трубе.\\ \\ Памагчы заўсёды рад\\ Быў сястрыцам меншы брат.\\ \\ Сам залез ён у трубу\\ І як крыкне: – Ту-бу-бу!\\ \\ Чуюць сёстры – гук не той.\\ Ах ты, жэўжык, ну пастой!\\ \\ А браток з трубы – скок, скок,\\ І няма – прапаў браток.\\ \\ Папрабуй улаві\\ І самога назаві.\\ Назаві, назаві!\\ Хто адкажа, дзеці?..\\ – І!\\ \\ А выдатнік індык\\ Сюды – пык, туды – мык:\\ – Брата іх не бачыў я.\\ Я не знаў яго імя,\\ Я не быў у трубе,\\ Знаю толькі А і Б.\\ \\ Вось прывёў дырэктар нас\\ У свой самы лепшы клас.\\ \\ – Гэта самы клас культурны.\\ Хто сягоння ў нас дзяжурны?\\ \\ – Я, пляменнік ваш, Яўтух.\\ – А прозвішча?\\ – Пі-я-тух.\\ \\ Чаму стол на адной ножцы?\\ І адкуль у вас на дошцы\\ Тут кляновыя лісты?\\ Растлумач, дзяжурны, ты.\\ \\ Нешта я не разбяруся:\\ Палачкі, кручкі, калябкі...\\ – Пётр Пятровіч, гэта ж гусі\\ Малявалі свае лапкі!\\ \\ – Дзе сціралка?\\ – Украла галка.\\ \\ – Бачыш, пылам клас пакрыты?\\ А чаму ты сам не ўмыты?\\ Непарадак, Піятух!\\ \\ А Яўтух той – хітры зух:\\ – Пётр Пятровіч, скажу вам,\\ Дык я ж – сан і ўсюды сам:\\ \\ Я ж і тут, я ж і там,\\ Хоць вазьмі ты разарвіся...\\ \\ – А які ж у цябе сан?\\ – Старшыня ж я\\ Сан-\\ Камісіі.\\ \\ От якая ППШ,\\ Лепш маўчыце, дзеці, ша.\\ Нізашто больш не вазьмуся\\ Я туды вадзіць экскурсіі.\\ \\ Даў зарок\\ І падпісаўся:\\ Ваш дружок –\\ Вясёлкін Вася.\\ \\ 1962 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-гнёзды-за-дымам-аповесць]] * [[творы/янка-брыль/увесь-свет-адзін-дом-па-раману-янкі-брыл]] * [[ibdc.ped>птушкі-шчасця]] * [[творы/янка-брыль/птушкі-i-гнёзды-сцюдзёны-вырай-аповесць-]] * [[творы/янка-брыль/раман-янкі-брыля-птушкі-і-гнёзды-вобраз-]]