~~META: title = Васіль Вітка — Першая пяцёрка &keywords = Наташа, Каця, школу, настаўніца, аддаць, дзіцячы, дачушка, грамадзяначка &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Віткі "Першая пяцёрка" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Вітка — Першая пяцёрка ====== У школу Наташа ўзяла з сабой ляльку Кацю. Пасадзіла побач і сказала:\\ – Сядзі ціха і слухай, што кажа настаўніца.\\ Але Каця не магла доўга ўседзець. Як толькі паварочвалася Наташа, паварочвалася і Каця. I мала таго, што паварочвалася. Кожны раз яна яшчэ і плакала:\\ – А-а-а!\\ – Хто гэта плача? – спыталася настаўніца.\\ – Каця, – адказала Наташа.\\ – Яна яшчэ малая, – спагадліва пагладзіла па галаве Кацю настаўніца. – Ёй яшчэ рана ў школу. Яе трэба аддаць у дзіцячы сад.\\ Нядаўна Наташа сама хадзіла ў дзіцячы сад. Добра ў садзе, весела. Але як гэта аддаць Кацю? Сумна зрабілася Наташы. Ды іншае рады не было.\\ Назаўтра, ідучы ў школу, яна забегла ў сад і папрасіла:\\ – Няхай Каця ў вас пабудзе, пакуль я ў школе...\\ Загадчыца Марыя Антонаўна ўсміхнулася і сказала так, як гаварыла заўсёды мамам:\\ – Будзьце спакойныя, грамадзяначка...\\ Наташа радасна пайшла ў школу. I праўда, як гара звалілася з плячэй. Седзячы за партай, яна старанна выводзіла літару за літарай, ёй ніхто цяпер не замінаў. «Мама» – напісала Наташа.\\ Настаўніца паглядзела і сказала:\\ – Малайчына! – і загадала яшчэ раз напісаць.\\ I Наташа, больш упэўнена націскаючы на пяро, зноў вывела дарагое ёй слова.\\ Настаўніца нахілілася над Наташыным сшыткам і чырвоным алоўкам паставіла пяць. Гэта была першая Наташына пяцёрка.\\ Як толькі скончыліся заняткі, Наташа памчалася дадому.\\ – Я пяцёрку нясу! – сказала яна яшчэ ў парозе.\\ – За што, дачушка? – абрадавалася маці.\\ – За маму, – адказала Наташа. – За цябе, мамачка...\\ I толькі ўвечары, калі трэба было садзіцца за ўрокі, Наташа спахапілася:\\ – Ой, а Кацю ж я пакінула ў садзіку. Пабягу забяру.\\ – Позна, дачушка, Каця спіць ужо.\\ Шкада было лялькі, але Наташа ўспомніла словы Марыі Антонаўны: «Будзьце спакойныя, грамадзяначка...» – і адразу супакоілася.\\ Яна разгарнула буквар і пачала вучыць урок.\\ \\ 1959 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/мікола-чарняўскі/мікола-чарняўскі-пайшлі-ад-нас-канікулы]] * [[ibdc.ped>дарога-ў-школу]] * [[творы/авяр-ян-дзеружынскі/авяр-ян-дзеружынскі-хто-вас-у-школу-сабі]] * [[творы/кастусь-жук/кастусь-жук-урок]] * [[ibdc.ped>вясковы-асветнік]]