~~META: title = Васіль Вітка — Зайчык-вадалаз &keywords = зайчык, тата, шафёр, Стась, Ціхон &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Віткі "Зайчык-вадалаз" &iftrue = True ~~ ====== Васіль Вітка — Зайчык-вадалаз ====== \\ Наш калодзеж пры самай вуліцы. I хоць ён завецца Ціхонаў калодзеж, ваду з яго бяруць усе, хто хоча.\\ Вада ў ім заўсёды светлая і чыстая.\\ Калодзеж капалі мы — я і мой тата. Але як толькі пачалі, бачым — ідуць і суседзі з рыдлёўкамі.\\ — Прыйшлі памагчы табе, Ціхон, — сказалі яны майму тату.\\ Тата абрадаваўся, бо гуртам выкапаеш за два-тры дні, а ўдвух мы і за месяц не справіліся б.\\ I работа ў нас закіпела. Калі пасля абеду я заглянуў у калодзеж, дык аж спалохаўся. Такая была глыбіня.\\ Тата сказаў:\\ — Стась, адыдзіся. Лепш збірай вунь каменьчыкі, што мы выкідаем наверх з глінаю.\\ Я стаў ля халоднай жоўтай гары і навыбіраў цэлую копку мокрых і гладкіх галышыкаў. А потым перанасіў усе да аднаго ў агародчык і абклаў імі градкі.\\ Назаўтра мы спускалі трубы, ставячы іх адну на адну. Калодзеж у нас цэментаваны. Тата сказаў мне:\\ — Зірні, Стасік, як далёка вада.\\ Я зірнуў і не ўбачыў дна.\\ — Як мы яе дастанем, тата? — спытаў я.\\ — Яна сама прыйдзе.\\ Я крыкнуў у калодзеж:\\ — Вада!\\ З самага дна адгукнулася:\\ — А-а!\\ Тады я зусім паціху сказаў:\\ — Стась.\\ Глыбіня абазвалася:\\ — Ась!\\ Тую ваду, што насачылася за ноч, мы з татам вычарпалі. Яна была каламутная, з глеем і пяском.\\ Гэтак мы выскрабалі дно, пакуль не паказаўся чысты жвір.\\ Цяпер наша вада самая смачная. Бывае, і не хочаш, а пачнеш піць — не адарвацца.\\ Не дзіва, што ля нашай хаты спыняюцца і падарожныя і праезджыя. Ніхто не абміне калодзежа. Людзі п’юць, выціраюць рукою пот і гавораць:\\ — Але ж і вадзічка ў вас!\\ У гарачы дзень, ідучы на работу, людзі наліваюць сабе вады ў дубовыя біклажкі, каб было чым прагнаць смагу ў полі. Няма адбою і ад малых. Яны збягаюцца з усяе вуліцы. I мне столькі клопату, пакуль усіх панапойваю.\\ — Стасічак, выцягні хаця з паўвядзерца.\\ — Стась, прынясі кубачак, — просяць самыя меншыя, што не ўмеюць піць з вядра.\\ Я бягу ў хату і выношу вялізную конаўку, якая стаіць у нас у мыцельніку.\\ Спярша я ўсіх паіў у ахвоту, а потым сказаў:\\ — Не буду.\\ — Хіба табе вады шкада?\\ — Няўжо ж не.\\ Тата пачуў мае словы.\\ — А ты ведаеш, чаму наша вада смачная? — спытаўся ён.\\ — Чаму, татачка?\\ — А таму, што ёй не даюць застойвацца. Чым больш яе п’юць, тым яна смачнейшая. Нікому не шкадуй напіцца,— сказаў тата.— Зняможаны чалавек і той адразу падужэе, як пап’е свежай вады.\\ I я нікому не шкадую. Я рад напаіць з нашага калодзежа кожнага. Заходзьце, піце. Калі не можаце з вядра, я вам конаўку вынесу.\\ Даставаць ваду ў нас лёгка. Над калодзежам мы паставілі калаўрот. Круці за ручку — ланцуг навіваецца на вал і выцягвае вядро.\\ Круціць я магу. Чэрпаць адно не ўмею. I не толькі я. I нашы суседзі часта тапілі вядро. Хіснуць ланцугом, восілка выскачыць з зашчапкі, вядро — боўць! I няма. Тады ідуць да нас.\\ — Ціхонка, — просяць майго тату, — памажы дастаць. Мы з татам бяром доўгі прут з кручком на канцы і спускаем яго ў калодзеж. Бывае, доўга папаводзіш, папашнырыш ім, пакуль уловіш. I гэтак часта тапілася наша вядро, пакуль мы не прыкавалі яго да ланцуга. I тады ўжо ўсе чэрпалі смела. Як хочаш боўтай — не адарвецца.\\ Але, на маё няшчасце, яно такі адарвалася. I якраз жа ж у мяне.\\ Хацеў я маме памагчы: прынесці трохі вады.\\ Можа, я лішне боўтаў, а можа, вядро было прыкавана слаба. Але толькі зачэрпаў я, пачаў круціць калаўрот, аж чую — вельмі лёгка ланцуг ідзе. Паглядзеў, а вядра і няма.\\ Крыўдна мне зрабілася. Маме не памог, а бяды нарабіў.\\ Як жа ж будзе? Без вады ж застанецца ўся наша вуліца.\\ Падышлі суседкі, але ніхто нічога не можа зрабіць без майго таты. А ён на цэлы дзень у горад паехаў. Павёз калгасныя памідоры. Ён шафёр.\\ Тут якраз вуліцаю ішла наша другая машына. Везла калгасніц на сенакос. Усе ў квяцістых сукенках, у белых хустачках. Вясёлыя. I, вядома ж, прыпыніліся каля нас. Усім жа хочацца папіць і з сабой узяць нашай вады.\\ — Стасік! — закрычалі з машыны.— Частуй вадою!\\ Я стаяў, унурыўшы галаву, гатовы заплакаць.\\ Тут выбегла з хаты мама і спалохалася:\\ — Што такое?\\ — Вядро ўпусціў.\\ — Яно ж прыкаванае было.\\ — Адкавалася.\\ З кабіны вылез шафёр.\\ — Падумаеш, бяда! — засмяяўся ён. — Не гаруй, Стась. Мы яго як бач дастанем.\\ Ён узяў прут з кручком на канцы і пачаў вадзіць па дне. Кручок бразгаў па вядры, але ніяк не мог падчапіць за восілку.\\ Вадзіў-вадзіў шафёр доўгім прутам і не мог даць рады. Вада ўжо зрабілася цёмнай і каламутнай. I як усе ні прыглядаліся — не маглі ўбачыць дна.\\ Стаўшы на дыбачкі, зірнуў у калодзеж і я. I ў тую ж хвіліну ўспомніў, што ёсць у мяне памочнік.\\ — Я ведаю, хто паможа дастаць вядро!\\ — Хто? — спытаўся шафёр.\\ — Зайчык! — сказаў я.\\ — Які зайчык? — спытала мама. I ўсе засмяяліся.\\ — Штукар ты, брат,с— сказаў шафёр.\\ Я кінуўся ў сенцы. Знайшоў у каморцы сваё паліто і доўга абмацваў кішэні. Што такое? Куды ж ён мог прапасці? Нарэшце намацаў-такі, у самым нізе за падкладкаю. Гэта быў асколачак люстэрка. З ім я любіў гуляць, а ў сонечныя дні пускаў зайчыкі. Навядзеш яго, і зайчык куды хочаш праб’ецца.\\ Калі я падбег са сваім асколачкам і навёў яго на ваду, усе здзіўлена паглядзелі на мяне. А зірнуўшы ў калодзеж, радасна закрычалі:\\ — Глядзіце, глядзіце!\\ — Напраўду, дно відаць, — сказала мама.\\ — А вунь і вядро ляжыць! — I шафёр, нацэліўшыся, крукам падчапіў яго.\\ Мой тата зноў прыкаваў вядро, і цяпер смела чэрпаюць ваду ўсе. Калі ж яно і адарвецца, дык невялікая бяда. У нас ёсць памочнік: зайчык-вадалаз.\\ \\ 1959 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/станіслаў-шушкевіч/станіслаў-шушкевіч-зайчык]] * [[творы/казімір-камейша/казімір-камейша-сонечны-зайчык]] * [[ibdc.ped>учынак]] * [[ibdc.ped>прыёмыш]] * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-зайчыкі]]