Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-вітка:васіль-вітка-дзеці-на-парашутах

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Вітка — Дзеці на парашутах

Вясною, як толькі прыгрэла сонейка, яна першаю выглянула з сухой леташняй травы і адразу расцвіла жоўтым цветам. Азірнулася вакол, бачыць: выглянулі з травы і расцвілі іншыя кветкі – маленькія жоўтыя сонейкі.
– Гэта мае сваякі, – сказала кветка, і ёй стала радасна, што яна не адна на свеце.
Але з кожным днём прыгравала сонейка, і кветка пачала сівець.
Замест жоўтай зрабілася белай-белай.
– Што ж цяпер будзе? – спалохалася яна, бо ўбачыла, што ўсе яе сваякі таксама белыя. Чуе кветка: ляціць цяжкі касматы чмель.
Яна ведала гэтага чмяля. Ён часта лятаў тут і гудзеў сваім тоўстым голасам, збіраў мёд і ніколі не мінаў яе пялёстачкаў.
– Што будзе? – трывожна спыталася кветка. – Няўжо я загіну і загіне ўся мая радня?
Мудры чмель ёй сказаў:
– Не палохайся. На той год закрасуеш ізноў. Толькі трэба зрабіць так, каб твае дзеці разляцеліся як мага далей.
– А як мы разляцімся? У маіх жа дзетак няма крылаў?
Мудры чмель думаў-думаў і нічога не прыдумаў.
– Думай сама, – сказаў ён. Загуў як самалёт і паляцеў.
Доўга думала кветка-дзьмухавец і нарэшце радасна ўсклікнула:
– Прыдумала! – і пачала кветка-маці шыць сваім дзеткам белыя шаўковыя парашуцікі. І толькі дзьмухнуў ветрык, паляцелі сынкі і дачушкі – кожны на сваім белым парашуціку. І кожны стараўся адляцець далей. Хто дзе ўпаў – там і заснуў да будучай вясны.
А як толькі пасля зімы прыгрэла сонейка, прачнулася маці, глянула – а навокал жоўта ад кветак.
– Як я добра прыдумала! – радасна сказала кветка-маці.

Падобныя старонкі

  • васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гарлачык
  • васіль-вітка/васіль-вітка-казкі-і-краскі
  • міхась-зарэцкі/міхась-зарэцкі-кветка-пажоўклая
  • уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-верас
  • янка-журба/янка-журба-дзяўчынка-і-кветкі
творы/васіль-вітка/васіль-вітка-дзеці-на-парашутах.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki