~~META: title = Васіль Вітка — Дзеці на парашутах &keywords = кветка, радасна, сонейка, чмель, кветка-маці, прыдумала, сказала, сваякі, белыя, травы, прыгрэла &abstract = Чытаць апавяданне Васіля Віткі "Дзеці на парашутах" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — Дзеці на парашутах ====== Вясною, як толькі прыгрэла сонейка, яна першаю выглянула з сухой леташняй травы і адразу расцвіла жоўтым цветам. Азірнулася вакол, бачыць: выглянулі з травы і расцвілі іншыя кветкі – маленькія жоўтыя сонейкі.\\ – Гэта мае сваякі, – сказала кветка, і ёй стала радасна, што яна не адна на свеце.\\ Але з кожным днём прыгравала сонейка, і кветка пачала сівець.\\ Замест жоўтай зрабілася белай-белай.\\ – Што ж цяпер будзе? – спалохалася яна, бо ўбачыла, што ўсе яе сваякі таксама белыя. Чуе кветка: ляціць цяжкі касматы чмель.\\ Яна ведала гэтага чмяля. Ён часта лятаў тут і гудзеў сваім тоўстым голасам, збіраў мёд і ніколі не мінаў яе пялёстачкаў.\\ – Што будзе? – трывожна спыталася кветка. – Няўжо я загіну і загіне ўся мая радня?\\ Мудры чмель ёй сказаў:\\ – Не палохайся. На той год закрасуеш ізноў. Толькі трэба зрабіць так, каб твае дзеці разляцеліся як мага далей.\\ – А як мы разляцімся? У маіх жа дзетак няма крылаў?\\ Мудры чмель думаў-думаў і нічога не прыдумаў.\\ – Думай сама, – сказаў ён. Загуў як самалёт і паляцеў.\\ Доўга думала кветка-дзьмухавец і нарэшце радасна ўсклікнула:\\ – Прыдумала! – і пачала кветка-маці шыць сваім дзеткам белыя шаўковыя парашуцікі. І толькі дзьмухнуў ветрык, паляцелі сынкі і дачушкі – кожны на сваім белым парашуціку. І кожны стараўся адляцець далей. Хто дзе ўпаў – там і заснуў да будучай вясны.\\ А як толькі пасля зімы прыгрэла сонейка, прачнулася маці, глянула – а навокал жоўта ад кветак.\\ – Як я добра прыдумала! – радасна сказала кветка-маці. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-зуёнак/васіль-зуёнак-гарлачык]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-казкі-і-краскі]] * [[творы/міхась-зарэцкі/міхась-зарэцкі-кветка-пажоўклая]] * [[творы/уладзімір-дубоўка/уладзімір-дубоўка-верас]] * [[творы/янка-журба/янка-журба-дзяўчынка-і-кветкі]]