~~META: title = Васіль Вітка — Дагараюць кастры… &keywords = толькі, вечна, раніца, вось, высь &abstract = Чытаць верш Васіля Віткі "Дагараюць кастры…" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — Дагараюць кастры… ====== Дагараюць кастры…\\ I як доўгая дзедава казка,\\ Абзываецца ноч\\ Таямнічасцю гукаў і слоў.\\ Я не сплю.\\ Дзесьці коні жалезнымі путамі ляскаюць.\\ Месяц з неба,\\ Бы спуджаны лебедзь,\\ Вось нырнуў і пагас\\ За далёкім заснулым сялом.\\ \\ Кажуць,\\ Рана да ўсходу\\ Выходзіць русалка-дзяўчына\\ I збірае ў прыпол квець апалую, ліст.\\ З кашміровай касою,\\ Залатымі вачыма…\\ Толькі гэта ўсё ў песні.\\ Пра дзявочую долю і весну\\ Мне спявала,\\ Расказвала маці калісь.\\ \\ Высь, далёкая высь,\\ I прасторы, прасторы…\\ Вечна б так –\\ Маладосць і жыццё,\\ Вечна б сэрцам палаць,\\ Як вясновыя зоры,\\ Каб ніколі не гас\\ Запаветны касцёр.\\ \\ Чарадзейныя мары\\ Наплываюць,\\ Мяняюцца.\\ Вось даносіцца з вёскі\\ Першы пеўневы ўскрык.\\ Хутка раніца,\\ Свежая, золкая раніца.\\ Туманом малачаевым\\ Без трывогі адчайнае\\ Незабыўная, ціхая ноч дагарыць,\\ Дагараць і кастры.\\ \\ Затрапеча лістамі асіна\\ I прачнецца,\\ I болей ужо не засне.\\ Ёй адной, толькі ёй\\ Я даверу ўспаміны,\\ Сваю першую казку\\ Аб начлежнай вясне.\\ \\ 1929 ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-трывога-ў-ельнічах]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-слова]] * [[постаці/васіль-вітка]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-генерал-верабей]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ружа-і-штык]]