~~META: title = Васіль Вітка — Азбука Васі Вясёлкіна &keywords = вася, клас, школу, вясёлкін, дзеці, васіль, асёл, урок, кацяня, жырафа, баран, зірнуў &abstract = Чытаць верш Васіля Віткі "Азбука Васі Вясёлкіна" &iftrue = nan ~~ ====== Васіль Вітка — Азбука Васі Вясёлкіна ====== Рашыў Вясёлкін Вася:\\ – Сам адкрываю школу.\\ Збіраю ў першым класе\\ I птушак, і жывёлу,\\ Усіх звяроў на свеце.\\ \\ I вы прыходзьце, дзеці.\\ У мяне такая кніжка ёсць,\\ Што рады будзе кожны госць.\\ Я літары вам пакажу,\\ Пра ўсе малюнкі раскажу.\\ \\ Глядзіць Васіль наўкола:\\ Хто ж першы прыйдзе ў школу?\\ А тут з двара:\\ – Здароў, Вясёл!\\ – А ты хто будзеш?\\ – Я асёл.\\ \\ Стаіць і дзівіцца Васіль:\\ – Нашто аслу аўтамабіль?\\ Куды вязеш ты агуркі?\\ \\ – А гэта звычай мой такі, –\\ Яму адказвае асёл. –\\ Саджуся з кнігаю за стол –\\ \\ У рот адразу ж агурок.\\ – Нашто?\\ – Каб ведаць лепш урок.\\ \\ Давай, вучы мяне, Вясёл,\\ Саджай хутчэй за парту.\\ Ты ж ведаеш, сярод жывёл\\ Я самы, брат, упарты.\\ \\ – Па-першае, я не Вясёл, –\\ Сказаў Вясёлкін Вася, –\\ А па-другое, стаўлю кол\\ За панібрацтва ў класе.\\ \\ **А**\\ Буквар мы пачынаем з А,\\ I я заўважыць мушу:\\ Не вельмі цяміць галава,\\ Хоць і даўгія вушы.\\ Хапае слоў апроч асла,\\ Што пачынаюцца на А:\\ Арол, акварыум, алень,\\ Аса, акула, авадзень,\\ Авёс, алмаз, атара,\\ Алена і Алеся\\ I нават акуляры,\\ Што ты на нос павесіў.\\ \\ Як закрычыць асёл: – Браткі\\ Вось для чаго мне агуркі!\\ Ў мяне іх – цэлая гара.\\ За розум брацца мне пара.\\ Як з’ем апошні агурок –\\ Урок засвою назубок.\\ \\ **Б**\\ А гэта, дзеці, што за франт:\\ Завіты ўвесь, на шыі – бант,\\ I так ілбом у бубен б’е: –\\ Прыміце ў клас,\\ Я знаю: Бэ-э-э!\\ Прыняць выдатніка, прыняць!\\ Ён заслужыў адразу 5.\\ \\ **В**\\ Хто гэта лісця нанізаў\\ На вострыя іголкі?\\ А вожык Васю так сказаў\\ – Вітаю вас, Вясёлкін.\\ – Я рад, – прызнаўся Вася,\\ Ды чым жа ты заняўся?\\ Навошта льеш, – пытаю я, –\\ З вядра ваду на вераб’я?\\ – Мы з вераб’ём у пары\\ Збіралі вам гербарый.\\ Дружок мой запыліўся,\\ Хачу, каб ён памыўся.\\ \\ Сягоння ўсе глядзяць на нас,\\ Во мы прыйшлі ж у першы клас.\\ \\ **Г**\\ Напэўна, дзеці, вы змаглі б\\ Сказаць і самі: гэта – грыб.\\ I прозвішча, як у людзей,\\ У вучня – Баравік.\\ І ён у школу ўжо ідзе,\\ Хоць ростам невялік.\\ \\ Хай невялік, хай невысок,\\ А ведае здавён\\ I той лясок, і верасок,\\ Дзе нарадзіўся ён.\\ \\ **Д**\\ I дзяцел ведае свой дом\\ На дрэве са старым дуплом.\\ Калі і непагадзь – ну што ж,\\ Не страшны дзецям снег і дождж\\ Як добра ў дзятла пад крылом,\\ Калі такі выдатны дом!\\ \\ Хто знае, Дэ знайсці нам дзе?\\ Пытайце ў бацькі, ў маці,\\ Шукайце ў дзятлавым гняздзе –\\ Падкажа добры дзяцел.\\ \\ **Е Ё**\\ А за дзвярыма: тук-тук-тук.\\ Пытае Вася: – Што за стук?\\ Зноў дзяцел? Не, зусім не ён –\\ Прыйшоў у школу паштальён:\\ \\ – Вам тэлеграма ёсць адна.\\ Здзівіўся Вася: – Ад каго ж?\\ – Напэўна, што з рачнога дна,\\ Бо тут унізе подпіс: Ёрш.\\ \\ – Ну што ж, якраз да часу.\\ Чытайце ўсяму класу.\\ Ш-ша, слухайце, што піша ёрш:\\ «Жыву за іншых я не горш.\\ Малым паставіў ёлку.\\ Выпісваю «Вясёлку».\\ Ды вось бяда: сыны мае\\ Не ведаюць ні Ё, ні Е.\\ \\ Да вас у школу трэба плыць,\\ Але парайце, як нам быць.\\ Калі паступім мы туды,\\ Дык жа загінем без вады…»\\ \\ Сказаў Вясёлкін: – Точна,\\ Хай вучацца завочна.\\ \\ **Ж З**\\ Тут Вася адчыніў акно:\\ – А гэта што там за яно –\\ Ці не пад’ёмны гэта кран?\\ Зірні на вуліцу, баран.\\ Зірнуў баран, спужаўся:\\ – Яно з хвастом, з нагамі,\\ З вушамі і рагамі,\\ Пад стол хавайся, Вася,\\ А я залезу ў шафу!..\\ \\ Вясёлкін рассмяяўся:\\ – Ды гэта, брат, жырафа.\\ Яна паспела ў самы раз.\\ Прашу, прашу, заходзьце ў клас\\ Сядайце, калі ласка, ў нас!\\ Жырафа рада б сесці,\\ Ды ў школу ёй не ўлезці.\\ \\ Заўважыў заяц звера,\\ Збялеў і – шмыг за дзверы,\\ Па калідоры – скок-скок-скок.\\ Ён думаў, што з’явіўся воўк.\\ \\ На парту ўскочыў з перапуду:\\ – Вучыцца болей я не буду! –\\ Хапіў адзін, другі званок:\\ Хутчэй канчай, Васіль, урок!\\ \\ Цягнуўся цэлы месяц\\ У класе перапынак,\\ Шукалі зайца ў лесе\\ Ля ўсіх дубоў, асінак.\\ Уцёк са школы Зай, уцёк.\\ \\ – Што ж, без яго пачнём урок, –\\ Сказаў Вясёлкін Вася\\ I за журнал узяўся,\\ Бо цвёрдую меў звычку –\\ Штодня вёў пераклічку.\\ \\ **I Й**\\ – Індык! – спытаўся Вася, –\\ А ты куды сабраўся –\\ Ў гурток шыцця і кройкі?\\ Дзеля чаго ў запасе\\ Ў хвасце ў цябе іголкі?\\ Чаго ты так надзьмуўся,\\ Ад вучняў адвярнуўся?\\ \\ – Хаджу я важна па зямлі, –\\ Затрос індык бародкаю, –\\ Бо ведаю, што ёсць два I:\\ I доўгае, й кароткае.\\ \\ Усё я ведаю, пытай.\\ Напрыклад: іней, гай і май,\\ Ігнат, Іван, Іран…\\ \\ – А бэ-э-э? –\\ Не вытрымаў баран. –\\ Не паважаю я цябе,\\ Бо ты сказаць не ўмееш: бэ!\\ \\ Спакойна Васева рука\\ Лягла на дзённік індыка.\\ \\ – Ты адказаў мне бойка,\\ Сказаў настаўнік Вася, –\\ Але я стаўлю тройку,\\ Каб больш не зазнаваўся.\\ \\ **К**\\ А качаня і кацяня\\ Паміж сабою як радня.\\ Усюды разам, удваіх,\\ Не разальеш вадою іх.\\ \\ У клас увойдуць, знімуць шапкі,\\ Пасядуць і – угору лапкі,\\ Бо качанятка і каток\\ Заўсёды ведаюць урок.\\ \\ Выдатнікам настаўнік рад.\\ А хто іх выхаваў? Дзетсад.\\ \\ **Л**\\ – А што нам скажа Ліска?\\ – Нічога не скажу.\\ Не падыходзьце блізка:\\ Вы ж бачыце, сяджу\\ Ўвесь дзень перад люстэркам,\\ Занятая прымеркай.\\ Напэўна, што завузка\\ Нейлонавая блузка,\\ А модная спадніца\\ Так цісне ў паясніцы…\\ \\ – Ліса і лісяняткі,\\ Пакіньце вы заняткі!\\ У вас, у модніц, – свой прыцэл.\\ Мы вывучым і самі Л.\\ \\ **М**\\ Зірнуў Васіль у кніжку:\\ – А дзе маленькі Мішка?\\ \\ – А вунь на школьным ён двары,\\ Сам у акно пабач.\\ Прыйшоў да нас мядзведзь стары,\\ Купіў унуку мяч.\\ \\ Старому сумна ў лесе\\ На персанальнай пенсіі.\\ Сюды штодня хадзіць ён рад,\\ Насіць малому мармелад.\\ \\ Такі ж ужо чуллівы дзед,\\ Вунь прывалок веласіпед:\\ «Бяры веласіпедзік,\\ Катайся, мой мядзведзік!»\\ Сказаў настаўнік: – Ой, дзяды,\\ Нямала мне ад вас бяды,\\ Так песціце вы ўнукаў –\\ Зрываеце навуку.\\ \\ **Н**\\ Навуку любіць насарог,\\ Калі здалёк прыехаць мог,\\ Аж з Афрыкі, з Нігерыі.\\ Але ступіў ён на парог –\\ Не можа ўлезці ў дзверы.\\ \\ Жырафа рада земляку:\\ – Жаданы мой, чаканы…\\ – А ты, жырафачка, адкуль?\\ – Твая суседка – з Ганы.\\ \\ – Канікулы, – сказаў Васіль, –\\ Браткі, не пашкадуем сіл.\\ Пашырыць трэба школу,\\ Пляцоўку для футболу,\\ А для гасцей замежных\\ Паставіць клас сумежны.\\ \\ – Ура! – абрадваўся баран,\\ Я зараз намалюю план.\\ I пачалася праца,\\ Рад кожны быў старацца.\\ \\ Стаў за учотчыка індык,\\ Сам працаваць ён не прывык.\\ Пляцоўку расчышчаў асёл,\\ Бо вельмі ж ён любіў футбол.\\ – Ёсць разгарнуцца дзе цяпер!\\ Сказаў мядзведзь-пенсіянер.\\ Стаў пілаваць бярвенні.\\ Ён пільшчык быў адменны.\\ Уважліва сачыў унук,\\ Каб не парваць пілы аб сук.\\ Знайшлі і вучні-малышы\\ Сабе занятак па душы.\\ Тут завіхаліся штодня\\ I качаня, і кацяня.\\ I нават зай-зайчына\\ Вярнуўся, малайчына,\\ I стаў на дапамогу\\ Самому насарогу.\\ \\ Пыхцеў,\\ Стараўся\\ Насарог,\\ Ажно пацеў\\ I нос,\\ I рог.\\ Жырафа следам бегла\\ I падавала цэглу.\\ Упраўна брала з долу\\ Яна любыя высі…\\ \\ Пабудавалі школу –\\ Спыніся і дзівіся,\\ Якія гмахі ўзніклі.\\ Вось гэта дык канікулы!\\  \\ \\ **О**\\ I зноў увесь сабраўся клас.\\ Зірнуў у кнігу Вася:\\ – На чым спыніліся той раз? –\\ Ён у крата спытаўся.\\ \\ Разявіў крот шырока рот\\ I прастаяў бы, можа, год.\\ \\ Была ў гасцях у школе\\ З дзетсада ляля Оля.\\ Сама не знаючы таго,\\ Яна і адказала: О!\\ \\ Адкрыла лялечка раток\\ Маленькі, роўненькі кружок.\\ I насарог адкрыў свайго –\\ Жахнуўся клас увесь: – Ого!\\ \\ **П**\\ – Навошта пеўню парасон,\\ Чаго стаіць на плоце ён\\ Якраз ля нашых жа акон?\\ \\ – Схаваўся, дзеці, я ў цянёк\\ Каб добра вывучыць урок.\\ – Скажы нам літару сваю!\\ – Не, дзеці, лепей я спяю.\\ Хоць з граматаю не ў ладах,\\ Але спяваю па складах.\\ Ніхто так на маім вяку\\ Яшчэ не пеў: Ку-ка-рэ-ку!\\ \\ – Ты ўмеў бы значна болей.\\ Калі б вучыўся ў школе.\\ Прыходзьце, пеўні, ўсе вы\\ Да нас у клас на спевы.\\  \\ \\ **Р**\\ – Паслухайце, здаецца,\\ Хтось ля дзвярэй шкрабецца.\\ Чакайце, сам праверу.\\ Зірнуў Васіль на дзверы:\\ – Дык гэта ж рак.\\ Адкуль, бядак?\\ Чаго такі распараны,\\ Як кіпенем абвараны?\\ \\ Падняўшы стрэльбу ў клюшні,\\ Рак адказаў: – Мне душна.\\ \\ – Нашто ты стрэльбу ў клас валок?\\ Яшчэ націснеш на курок.\\ \\ – Так, – адказаў ён горда, – так,\\ Я – лепшы паляўнічы…\\ Нічога дзіўнага, што рак\\ У школу не залічан.\\ \\ Калі не верыш, дык правер,\\ Пакуль у рэчцы мелка.\\ \\ **С**\\ – А хто ў нас на чарзе цяпер?\\ Сказалі дзеці: – Стрэлка!\\ – А дзе яна ў нас, дзеці?\\ \\ – У космасе, ў ракеце!\\ Абкружыць Сонца сорак раз\\ I прыляціць ізноў у клас.\\ \\ **Т**\\ – Я добра бачу па ўсіх вас,\\ Ваш пазнаю характар –\\ Нам тэхнікай заняцца час,\\ Прыйшоў якраз і трактар.\\ \\ А гэта вось механік сам,\\ Славуты на ўсім свеце,\\ Пакажа ўсе машыны вам,\\ Пракаціць на ракеце.\\ \\ Наўрад ці ёсць яму раўня\\ Паважны і вусаты…\\ Падняла лапку кацяня:\\ – Дык гэта мой жа тата!\\ \\ Механік тут сынка абняў:\\ – Як вучышся, дзіцятка?\\ I адказаў сыночак: – М-мяў,\\ А я – выдатнік, татка…\\ \\ I загадала татку\\ Кацяня загадку:\\ \\ **У Ў**\\ – У галаве У доўгае,\\ Кароткае ў хвасце.\\ Выкручваецца, поўзае\\ На тоўстым жываце.\\ Уміг жывога зайца\\ Глыне – і не падавіцца.\\ Ну, што? Не адгадаў?\\ Я падкажу – удаў.\\ \\ Такая ўродзіна удаў,\\ Убачыш – зойме дух.\\ Каб ты, пачварына, прапаў,\\ Так напалохаў – ух!\\ \\ Яго не пусцім мы ў свой клас,\\ Бо праглыне ўсіх нас зараз,\\ I стол, і школьны глобус,\\ I новы наш аўтобус.\\ На чым жа мы, татуся,\\ Паедзем на экскурсію?\\ \\ I вось ужо завёў матор\\ Механік дзядзя Коця.\\ Ён вельмі строгі быў шафёр,\\ Суровы на рабоце.\\ \\ I да сябе ў кабіну\\ Не ўзяў ён нават сына:\\ – Мне на машыне не радня\\ Ні сват, ні брат, ні кацяня.\\ \\ **Ф**\\ Сказаў Вясёлкін Вася:\\ – Хвалю за дысцыпліну.\\ Мой клас увесь сабраўся.\\ Гані, шафёр, машыну…\\ \\ Ляціць аўтобус па шашы.\\ Глядзяць з акенца малышы.\\ Мігцяць фіранкі, як флажкі,\\ I шоўкавыя фартушкі,\\ I новыя фуражкі.\\ Лагодна і пакорна,\\ Адзетыя па форме,\\ Сядзяць індык з барашкам.\\ А за машынай пеша\\ Услед жырафа чэша,\\ А за жырафай – ох-ох-ох –\\ Цялёпкаецца насарог,\\ Ажно дрыжыць пад імі дол.\\ \\ – А вы куды?\\ – Мы на футбол.\\ – А хіба ў нас сягоння матч?\\ Спытаў шафёр з кабіны.\\ – А вы – балельшчык, Кот-Вусач?\\ Дык самі знаць павінны,\\ Што ў нас на стадыёне\\ Выдатны дзень сягоння:\\ Аслам забілі гол зайцы.\\ Вось малайцы дык малайцы!\\ \\ Як усхапіўся тут асёл:\\ – Шафёр, вязі нас на футбол!\\ Хутчэй, хутчэй на стадыён!\\ Зароў ад горкай крыўды ён.\\ \\ Ды што паробіш: плач не плач –\\ Ганебна скончыўся той матч.\\ Асёл як апантаны\\ Не мог утаймавацца…\\ \\ – На плошчу да фантана\\ Фата-графа-вацца,\\ Увесь мой клас, збірайся! –\\ Паклікаў вучняў Вася…\\ Фацэтны выйшаў здымак –\\ Цудоўны напамінак\\ Настаўніку і вучням\\ Аб дружбе неразлучнай.\\ \\ **X**\\ Хаця хітрун хамелеон\\ Не сапсаваў ледзь увесь фон.\\ То з галавы да самых пят\\ У хатні хутаўся халат,\\ То захінаўся ў хусту,\\ Халву з капустай хрумстаў,\\ Высоўваў доўгі свой язык,\\ Лізаў жырафе чаравік,\\ I, хвалячы свой спрыт і рух,\\ Хапаў па-заліхвацку мух.\\ \\ I гэтак надзімаўся,\\ I ў колерах мяняўся,\\ Што ўсе не клаліся траха\\ Ад смеху ўпокат: ха-ха-ха!\\ \\ Аб Васілёвай школе\\ Прачула ўсё наўколле.\\ Да нашае экскурсіі\\ Прыбіліся тры гусі,\\ Два худыя харты –\\ Валацужныя браты,\\ Варона-пабіраха,\\ Шакал і чарапаха.\\ \\ **Ц**\\ Прыцялёпкала здаля\\ Адно пацешнае цяля:\\ – А я ў цырку пабывала,\\ Я прынесла вам цымбалы.\\ Залічыце ў клас мяне,\\ Я ўсё на свеце знаю: м-м-ме!\\ Васіль сказаў: – Пабачым.\\ Задам табе задачу:\\ На градзе яна расце,\\ Пачынаецца на Цэ.\\ Аж падскочыла цялятка:\\ – Знаю, знаю – шакаладка!\\ \\ Засмяяўся Вася:\\ – Падумай, не спяшайся.\\ Я лічу да трох: раз, два…\\ – Ах, я ўспомніла – халва!\\ \\ – Памыляешся, красуля, –\\ На градзе расце цыбуля.\\ I хоць яна не шакаладка,\\ А есці трэба, для парадку,\\ Бо ўсе мы знаем як адзін,\\ Што Цэ – найлепшы вітамін.\\ \\ **Ч**\\ Вось чарапашычын сынок\\ Есць і цыбулю, і часнок.\\ Няхай яшчэ сыночак\\ На выгляд – чарапочак,\\ Затое ў нас у школе ён\\ Ужо вядомы чэмпіён.\\ \\ Малы чарапашонак\\ Не носіць распашонак.\\ Выходзячы на шпацыр,\\ Ён надзявае панцыр,\\ Таму не гнецца пад мячом,\\ Не хіліцца пад молатам.\\ Расце выдатным сілачом\\ I незвычайным волатам.\\ \\ Ш\\ Мы не змаглі б вучыцца\\ Ні з воўкам, ні з ваўчыцай.\\ А вось прыйшоў да нас шакал\\ I ледзь усіх не ашукаў.\\ \\ Ён доўга носам шморгаў\\ I Васіля ўгаворваў,\\ Нібы прасіўся ў школу,\\ А сам пры шаблі, ў шпорах,\\ Прынёс дзве торбы толу,\\ Шнур, дынаміт і порах.\\ \\ Не, ашуканец шэры,\\ Табе не будзе веры.\\ Ты з выгляду – лагоднік,\\ А сам – шпіён і шкоднік.\\ \\ **Ы**\\ Ёсць літары у буквары,\\ З іх не пачнеш ты слова.\\ Але запомніце, сябры,\\ Вы іх абавязкова.\\ Ну, хто мне іх напіша?\\ \\ – Мы, – адказалі мышы. –\\ Каб не было на свеце Ы, –\\ Запелі хорам мышкі, –\\ Былі б мядзведзямі ўсе мы,\\ Нас дзеці б звалі – мішкі.\\ \\ Была дзяўчынка ў нас адна,\\ Рукамі пляснула яна,\\ Прызналася ўсім шчыра:\\ – Як добра, што я – Іра!\\ \\ **Ь**\\ Каню прысніўся страшны сон,\\ Што ён не конь, а кон.\\ Перапалохаўся бядак:\\ – Куды падзеўся мяккі знак?\\ Мне без яго жыцця няма…\\ \\ Прыбег задоўга да відна\\ Да нас буланы госць:\\ – Ці мяккі знак яшчэ ў вас ёсць?\\ Яму сказаў Вясёлкін так:\\ – Вось, калі ласка, мяккі знак.\\ \\ Яго сабе ты забірай,\\ Бяжы і весела гуляй.\\ I так быў рады, небарак,\\ Што зноў знайшоў свой мяккі знак.\\ \\ – Эх, – схапіўся Вася, –\\ Экскурсія ўдалася,\\ Ды час дамоў збірацца,\\ Зноў за навуку брацца.\\ \\ **Э**\\ Я заказаў вам эшалон.\\ Сядайце кожны ў свой вагон.\\ \\ Купэ – для насарога,\\ Жырафу – на платформу.\\ Адзеньцеся ў дарогу\\ У школьную ўсе форму…\\ \\ Гудуць па рэйках колы.\\ Дадому едзе школа.\\ Ад песень і ад смеху\\ Чуваць далёка рэха.\\ Мільгнуўся элеватар,\\ А вунь – электрастанцыя,\\ Торф рэжа экскаватар\\ На рэчцы Балачанцы.\\ Між родных сосен і бяроз\\ Імчыцца наш электравоз.\\ \\ **Ю**\\ Вучыцца зноў прыйшла пара.\\ – Ура! – гучыць сярод двара.\\ На выстаўку юннаты\\ Выносяць экспанаты:\\ Капусту, рэпу, буракі, Фасолю, моркву, агуркі. Зірніце на цыбулю!\\ Яе расціла Юля!\\ \\ Умела пастарацца\\ Яна на школьнай градцы.\\ Цяпер усе мы як адзін\\ Цыбулю Юліну ядзім.\\ \\ **Я**\\ А вось малая Ядзя\\ Сабрала ў нашым садзе\\ Пад яблыняю ягады –\\ Не паядзім за два гады.\\ \\ Так вучыцца, стараецца\\ Дружная сям’я,\\ На гэтым і канчаецца\\ Азбука мая. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-трывога-ў-ельнічах]] * [[постаці/васіль-вітка]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-генерал-верабей]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-ружа-і-штык]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-слова]]