Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-быкаў:васіль-быкаў-сваякі-гдз

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Быкаў — Сваякі — ГДЗ

1. Алесь і Сёмка вырашылі ісці ў партызаны. Пра сваё рашэнне яны паведамілі маці. Тая вырашыла іх, яшчэ падлеткаў, амаль што дзяцей не адпускаць, бо лічыла, што там ад іх будзе мала карысці і толькі «па-дурному загінуць». На мацярынскі крык, нават вілачнік, з якім маці падскочыла да хлопцаў, яны адрэагавалі з каменнай абыякавасцю. I гэта пераканала маці, што рашэнне яны не зменяць.
2. Звярнуцца па дапамогу да пляменніка маці падштурхнула жаданне «хутчэй самой легчы тру-пам на гэтым іх вар'яцкім шляху, але засцерагчы іх ад смерці». Першыя сумненні ў правільнасці такога рашэння з'явіліся ў жанчыны ў той момант, калі яна пераступіла парог і ўбачыла пляменніка і паліцаяў. У яе «на імгненне варухнулася прыкрасць і шкадаванне, што прыйшла сюды». Гэта пачуцце ўзмацнілася, калі паліцаі, пачуўшы просьбу маці, ускочылі. Тады «у сярэдзіне ў яе нешта здрыганулася і ўпала». Пачуцце бяды не пакідала маці. Калі сустрэлі кульгаватага Пракапчука, у яе з'явілася «непрыемнае страхавітае адчуванне». I ўжо ў хаце, калі сын кінуўся бегчы, яна адчула, што «нешта крута збочыла да нядобрага і непатрэбна страшнага». Убачыўшы забітага сына, яна закрычала ад «усведамлення велізарнай несправядлівасці», зайшоўшыся ў амаль «здзічэлай шалёнай роспачы ад такой непапраўнай бяды». Калі забілі другога сына, маці зразумела, якую «недаравальна жахлівую бяду наклікала на іх і на сябе».
3. Нелюдзі, не помнячыя радства, смелыя толькі гуртам, прадажныя, неадукаваныя (Ад міня не ўцекёць!), злобныя і крыважэрныя — такімі паказаў Васіль Быкаў паліцаяў. Такім з'яўляецца і Дрозд. Ён прыходзіўся сваяком маці, яе дваюрадным пляменнікам. Аўтар адразу звяртае нашу ўвагу на «зласнаватым позірку». Пачуўшы просьбу маці, ён «рашуча ўскочыў — рослы цяжкі мужчына ў сподняй блакітнай майцы». І гэты рашучы рух нам падказвае, што ўжо ў тую ж хвіліну ён прыняў рашэнне. I гэта было рашэнне не роднага чалавека, не сваяка, бо ён «таропка нацягнуў на сябе свой паліцэйскі мундзір, сарваў са сцяны вінтоўку» і сказаў: «Барсук, прыхапі канец». Звяртаючы ўвагу на знешні выгляд, на рост (перад намі моцны мужчына), на тое, як узброіўся гэты чалавек перад сустрэчай з двума падлеткамі, амаль дзяцьмі, аўтар хацеў падкрэсліць, што са смеласцю ён не мае нічога агульнага. Яе нават не хапіла, каб пайсці аднаму на сустрэчу. I яны, чацвёра мужчын, ідуць арыштаваць дваіх дзяцей, скруціць ім рукі і весці на расправу.
Сустрэўшы супраціўленне, гэтага нелюдзя не спыніла радство, ён спачатку «дужа ўдарыў прыкладам» хлопца, а затым «узняў свой карабін». Знямоглую ад гора маці адкінуў «цяжкім прыкладам» ад паркана са словамі: «Прэч, гадаўка!».
Нічога чалавечага не засталося ў паліцая. Аўтар падкрэслівае «ваўкаватасць» Дразда, які, забіўшы сваіх братоў, пахваліў другога паліцэйскага за ўдар «пад дых» і задаволена палез за махоркай.
4. Калі маці прывяла ў хату паліцаяў, то яе «уразіў выраз спалоху, бадай — што, жаху» на вельмі «яшчэ дзіцячым твары» Сёмкі. Убачыўшы ворагаў,ён кінуўся ў дзверы, паліцаі стралялі яму ў спіну. З «шалёнай роспачы» вывеў маці «знаёмы і ў той жа час зусім інакшы голас яе старэйшага сына:
— Халуі прадажныя ».
Аўтар звяртае ўвагу на яго «гняўлівы і цвёрды твар». Алесь трымаў сябе мужна і тады, калі яго вывалаклі з сенцаў і пачалі круціць рукі.
— Бобікі. Будзе і на вас вяроўка!
— Смерць Гітлеру!
Гэта былі апошнія словы старэйшага сына.
Аўтар супрацьпастаўляе паводзіны сыноў і паліцаяў.
Не падпарадкаваўся ворагам Сёмка, як сапраўдны герой загінуў старэйшы сын.
Зусім іншыя паводзіны ў Дразда і яго паплечнікаў.
Паліцаі, калі заходзілі ў хату, уперад адправілі маці, нават падштурхнулі яе. Яны баяцца бяззбройных падлеткаў, амаль дзяцей, страляюць у спіну Сёмку, скручваюць рукі Алесю.
5. Аўтар так перадае душэўны стан маці, якая «корчылася на маладой мураве», усвядоміўшы сваю жахлівую памылку: у тыя хвіліны маці «ўсё бачыла, але… ні на што не рэагавала». А калі «пацішэў балючы звон у галаве», паднялася, «акінула няцямным, здзічэлым позіркам» двор з целамі сыноў і пайшла да калодзежа, каб загінуць нялюдскай, недаравальнай смерцю.
6. У беларусаў ёсць прыказка: «Хто топіцца, той за саломку хопіцца». Маці ў сваім бязмежным жаданні зберагчы сыноў, як за гэту саломку, схапілася за сваяка Дразда, не надаючы вялікага значэння яго службе ў паліцыі. Для яе ён быў сваяк, родны. У тую хвіліну жанчына не разумела, што сярод паліцаяў няма і не магло быць сваякоў. Туды ішлі нелюдзі, якія гублялі не толькі сваяцкія адносіны, а, увогуле, чалавечыя рысы.

Падобныя старонкі

творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-сваякі-гдз.1755964418.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:53 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki