Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:васіль-быкаў:васіль-быкаў-круглянскі-мост

Гэта старая версія дакумента!


Васіль Быкаў — Круглянскі мост

«Круглянскі мост» (1968) — першая аповесць з партызанскага цыкла, услед за якой будуць напісаны «Сотнікаў», «Абеліск», «Воўчая зграя», «Пайсці і не вярнуцца». Яны пераканальна засведчаць устойлівую цікавасць Васіля Быкава да падпольнай і партызанскай барацьбы з фашызмам. Васіль Быкаў быў франтавіком, але расказы землякоў, былых народных мсціўцаў, знаёмства з архівамі «літаральна ашаломілі», паводле прызнання самога летапісца, адкрыццямі: «Колькі гераізму і мужнасці, прычым гераізму масавага, усенароднага! Сённяшняму юнаку нават цяжка ўявіць… А колькі драм і трагедый! І я раптам адчуў, зразумеў, што не магу, не маю права не пісаць пра партызанаў».
«Круглянскі мост», як і некаторыя іншыя творы пісьменніка, мае ў сваёй аснове нявыдуманую падзейную канву. Аповесць вырасла з канкрэтнага факта. Васіль Быкаў расказаў Алесю Адамовічу, што яму надарылася прачытаць у кнізе пра піянераў-герояў, як адзін «хлопчык гэтак прасіўся дазволіць яму аддаць жыццё за Радзіму, што добрыя дзядзі-камандзіры не знайшлі сіл адмовіць хлопчыку і, нашпігаваўшы яго падводу ўзрыўчаткай, пусцілі яго на мост. Мост, вядома, быў узарваны, але ў мяне гэтая гісторыя не выклікала захаплення».
Васіль Быкаў напісаў аповесць, у цэнтры якой паставіў праблему маральнага выбару. А. Твардоўскі так сказаў Васілю Быкаву пра рэалізаваную ім задуму: «Вы падмецілі і ўлавілі галоўнае — чалавечнасць і меру гэтай чалавечнасці, тое, што хвалюе літаратуру з даўніх часоў». Ухвальна пра быкаўскую аповесць адазваўся і А. Салжаніцын, які лічыў яе вялікай удачай пісьменніка. Аднак аповесць і яе аўтар трапілі пад знішчальны агонь партызанскіх генералаў і некаторых прафесійных крытыкаў. Праўду яны аб'явілі паклёпам, аўтара — фальсіфікатарам і дэгераізатарам партызанскага руху.
Асаблівасць кампазіцыі аповесці ў тым, што пачынаецца і заканчваецца яна якраз сітуацыяй выбару. Дакладней, галоўны герой аповесці, 18-гадовы партызан Сцёпка Таўкач, кінуты ў яму паводле загаду Брытвіна да прыезду камісара, канчаткова вызначыўся з выбарам. Вартавыя гавораць, што «цяпер яго дзела труба. Расстрэл будзе». Даніла, з якім ён хадзіў на заданне, папярэджвае Сцёпку, што ён задумаў нядобрае, што будзе шкадаваць, што камісар прыедзе і паслухае не яго, а Брытвіна. Сцёпка ж упарта паўтарае: «Хай едзе! Хай едзе. Я не баюся!»
Аповесць і заканчваецца апісаннем цвёрдай упэўненасці юнака, што «нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю.
Камісар справядлівы, ён зразумее. Не можа таго быць, каб не зразумеў. Хай едзе камісар!»
А ўсё адбылося так. Група з чатырох партызанаў на чале з Маслаковым атрымала заданне ўзарваць Круглянскі мост, які, як меркавалася, не ахоўваўся.
Аднак дадзеныя разведкі былі састарэлыя. Дыверсія сарвалася: партызаны трапілі на засаду. У час перастрэлкі быў паранены камандзір. Сцёпку ўдалося ўцячы, але ён потым вярнуўся, знайшоў Маслакова і валок яго да лесу, дзе іх чакалі астатнія двое. Параненага камандзіра неабходна было даставіць у атрад, але без падводы гэта немагчыма. Сцёпку паслалі ў вёску раздабыць падводу.
На досвітку Сцёпка набрыў на каня, якога прывязалі на выпас. І тут жа аб'явіўся гаспадар — пятнаццацігадовы падлетак Міця. Партызан угаварыў яго даць каня на пэўны час, каб адвезці ў атрад параненага. Падлетак згадзіўся.
Пазней Міця расказаў Брытвіну, што яго бацька — паліцай, а сам ён марыць пайсці да партызанаў.
Маслакоў, які быў для Сцёпкі «самым лепшым, самым дарагім чалавекам у атрадзе», памёр; яго пахавалі тут жа ў лесе. Дапамога падлетка і конь не спатрэбіліся. Але ў Брытвіна ўзнік план паўтарыць дыверсію, выканаць заданне і ўзарваць мост, хаця ніякага стратэгічнага значэння для немцаў ён не меў.
Брытвіну ж неабходна была гэта дыверсія, каб загладзіць віну і зноў стаць камандзірам. Ён прадумаў усё да драбніц. Закладніком яго жудаснага плана стаў выпадковы падлетак.
Пазней, калі Сцёпка ўсё зразумеў, калі спакваля ўсё станавілася на свае месцы, ён закрычаў: «Падлюга! Падлюга ты! Паняў?» Сутычка закончылася тым, што Сцёпка параніў Брытвіна, які хацеў забраць у яго аўтамат.
У аповесці ёсць «закадравы» герой — Ляховіч. Пра яго Сцёпку расказаў Брытвін, даючы рэзка адмоўную ацэнку ўчынкам Ляховіча ў сітуацыі выбару. Але не меркаванне Брытвіна, а яго інфармацыя пра Ляховіча будзе вызначальнай у выбары Сцёпкі. Хутка і ён, як некалі Ляховіч, стане перад выбарам: кампраміс з Брытвіным — і, як вынік кампрамісу, жыццё ці вернасць свайму сумленню, праўдзе, памяці цаною жыцця.
«Штосьці цвёрдае і наўздзіў упэўненае ўжо авалодала ім і не саступала».

Падобныя старонкі

творы/васіль-быкаў/васіль-быкаў-круглянскі-мост.1755964545.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/23 15:55 — vedybeadmin

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki