~~META: title = Барыс Сачанка — У зімовым лесе &keywords = тата, петрык, петрыка, спытаў, сагрэўся, холадна, лесе &abstract = Чытаць апавяданне Барыса Сачанкі "У зімовым лесе" &iftrue = nan ~~ ====== Барыс Сачанка — У зімовым лесе ====== Нечакана нападаў, лёг снег. I тата з мамаю, спахапіўшыся, што дроў на зіму нарыхтавалі малавата, пачалі збірацца ў лес.\\ I мяне з сабой вазьміце, – папрасіўся ў іх сынок Петрык.\\ – А не змерзнеш? – спытаў у Петрыка тата.\\ – Не-а!\\ Апранулі Петрыка цяплей і ўзялі з сабою.\\ vВыехалі з вёскі. Петрык ад здзіўлення аж рот разявіў. Вачам сваім не паверыў: такая прыгажосць! Быццам чысценькаю белаю ватаю ўсё навокал абкладзена – дарога, дрэвы, кусты. А ў лесе, у лесе што! Елачкі, сасонкі, здаецца, аж папрыгіналіся ад цяжару. Ды і дубы, клёны, ясені зусім інакш выглядаюць, чым улетку. Бароды сівога моху на камлях быццам яшчэ больш пасівелі, пагусцелі, а голле паўкрывала пухнатая шэрань. і далёка-далёка ўсё відаць, нават сляды звяроў.\\ Тата з мамай, узяўшы пілу і сякеру, ужо завіхаліся каля паваленай – ці не бурай? – старадрэвіны. А Петрык усё ніяк не мог адвесці вачэй, любаваўся і любаваўся зімовым лесам.\\ – Тук-тук-тук! – пачулася раптам аднекуль зверху.\\ I Петрык насцярожыўся, спытаў таямніча:\\ – Хто гэта там стукае?\\ – Дзяцел, – адказаў тата.\\ – Што ён робіць?\\ – А ты схадзі ды паглядзі!\\ Пайшоў Петрык пад тое дрэва, адкуль стук чуўся. І доўга глядзеў, хочучы здаўмецца, што робіць высока на дрэве чырвонагаловы прыгажун дзяцел. Аж пакуль холадна не стала, не змёрз. Толькі тады спахапіўся Петрык, да таты, мамы пабег.\\ – Мне холадна, – прызнаўся ён.\\ – Холадна? – не здзівіўся тата. – А ты пагрэйся.\\ – Як пагрэцца?\\ – А вось на табе ручку пілы ды дровы пілуй. А я тым часам сучча буду абсякаць. Глядзіш – сагрэешся, дый мы з маці хутчэй управімся, дадому паедзем.\\ Узяў Петрык ручку пілы, пачаў пілаваць разам з мамай дровы. Ён да сябе пілу цягне, а мама – да сябе. I не заўважыў, як сагрэўся. Нават рукавіцы з рук зняў, кажушок расшпіліў.\\ – Ну, сагрэўся? – спытаў у Петрыка тата.\\ – Сагрэўся, – весела адказаў Петрык і засмяяўся.\\ – Чаго гэта ты раптам? – паглядзела на Петрыка мама.\\ – Дзятла ўспомніў.\\ – Што, здагадаўся, чаму ён так упарта дзюбаю тукае? – падміргнуў тата.\\ – Ага. Таксама, мусіць, грэецца.\\ – Грэецца, а заадно і дрэва лечыць, – дадаў тата. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-карчоўнік]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-зерне-і-млын]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-сляды]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-ля-даўняга-селішча]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-хлеб]]