~~META: title = Барыс Сачанка — Сонца &keywords = сонца, гараська, вочы, свіней, ногі, гараську, вусны, камяні, вёску &abstract = Чытаць апавяданне Барыса Сачанкі "Сонца" &iftrue = True ~~ ====== Барыс Сачанка — Сонца ====== Раніцою мяне будзіць голас. Ціхі, пяшчотны, быццам гуд руплівай пчалы, ён то вісіць над самым маім вухам, то раптам кудысьці знікае на нейкі час. Праз сон да мяне даходзяць словы:\\ – Максімка, сыночак... Ці ж гожа так позна мужчыне спаць?.. Уставай...\\ Я неахвотна расплюшчваю вочы. Нада мною схілілася маці.\\ – Прачнуўся, – радасна ўсміхаюцца яе тонкія бледнаватыя вусны... – Малайчына... А я і снеданне табе прыгатавала. Чуеш?..\\ Павекі такія непаслухмяныя, цяжкія, што самі насоўваюцца зноў на вочы. Але ўставаць трэба. У хаце я ды маці. Адна яна ніяк, ніяк не ўправіцца. Перамагаючы салодкую дрымоту, я выскокваю з-пад клятчастай посцілкі на халаднаватую падлогу. Пацягваючыся хвілін колькі, праціраю вочы. Потым умываюся, сядаю за стол. Тут мяне ўжо чакаюць цёплы сырадой у меднай конаўцы, луста пахкага, спечанага на дубовых лістах хлеба, тры-чатыры беласнежныя драбкі цукру. Я, амаль не адчуваючы смаку, ем і выбягаю на панадворак.\\ Сонца толькі-толькі пачынае запальваць агні ў шыбах суседскай хаты. Прыпалая расою, зямля абдае золкай прахалодай ногі, ліпне між пальцаў, да ступні. На страсе хлява шчабеча ластаўка. Кудахтаюць і квохчуць на гародзе куры. Брухаты рабы парсючок, скруціўшы абаранкам хвост, і белая свінка згрызваюць паўз платы шызую ад расы мураву.\\ Я адчыняю весніцы і з крыкам выганяю на вуліцу свіней. I адразу ж падаюся назад.\\ Проста на мяне, збіваючы да крыві аб каменне і груды босыя ногі, бяжыць цыбаты Гараська. Гараська Бусел. Крыссе старой, шмат дзе парванай і прапаленай ватоўкі, расхлістаны. Валасатая рабрыстая грудзіна нічым не прыкрыта. Адна калашына штаноў, забруджаных так, што не пазнаць ні колеру, ні самога матэрыялу, закасана па калена. Бяльматыя вочы, з якіх так і б’е неўтаймаваны жах, палахліва скіроўваюцца назад, на сонца. Яно чырвоным іскрыстым шарам выкочваецца з-за засмужанай сінявы лесу. Гараськавы рукі хапаюцца за астрыжаную галаву. Плечы яго прыгінаюцца ніжэй, а вусны ў адчаі шэпчуць:\\ – Сонца... Сонца... Сонца...\\ Я добра ведаю, куды імчыць Гараська. На полі, за вёскаю, на стыку трох дарог трасецца на ветры абсмаленая з камля груша-дзічка. Адна яе галіна прыпадае ледзь не да самай зямлі. Непадалёку ад грушы, на пагорку, сівеюць два вялізныя камяні. Гэта рэшткі старога ветрака, што спалілі ў вайну немцы. Камяні папсавала агнём: адзін, ніжні, лопнуў пасярэдзіне, у другога адкалоўся ад боку даволі-такі ладны кавалак. Тут і прыпыняецца Гараська. Доўга ходзіць вакол, пільна ўглядаецца сабе пад ногі, нібы нешта шукае. А вусны яго ўвесь час варушацца, нешта шэпчуць.\\ Аднойчы я падкраўся пшанічным клінам да грушы і падслухаў Гараську. Ён паўтараў:\\ – Няма сонца... Няма сонца...\\ \\ Пад позняе снеданне мы гонім назад у вёску свіней. Звоняць да болю ў вушах конікі. Весела ляскочуць па полі, адвозячы на працу калгаснікаў, запрэжаныя ў паркі коней калёсы. У гэты час вяртаецца з-пад дзічкі і Гараська. У руках у яго заўсёды што-небудзь жывое: авадзень, муха ці божая кароўка. Ён спявае: А чаму ж ты, мушка, не ляціш?\\ А чаму ж ты, мушка, не бяжыш?\\ А таму я, сватка, не лячу,\\ А таму я, сватка, не бягу,\\ Што без крылляў я-а-а... Хі-хі... \\ Ён смяецца спачатку ціха, хіхікае, пасля рагоча. Хоць мы, свінапасы, не першы раз чуем яго нялюдскі смех, але нам робіцца страшна. Гараська ніколі нікога не зачапіў і пальцам, але мы ўсё роўна баімся яго. Без жалю сцёбаем дубцамі свіней па тлустых азадках і бяжым, уздымаючы шэрыя воблакі пылу, бяжым у вёску.\\ Старэйшыя людзі расказваюць: да вайны Гараська быў зусім не такі. Наадварот, яго розум і дапытлівасць здзіўлялі нават настаўнікаў. Пяты і шосты класы хлопец закончыў у адзін год на «выдатна». Ён маляваў, і адна яго карціна пабывала на абласной выстаўцы і атрымала не то другую, не то трэцюю прэмію.\\ А сталася непапраўнае з Гараськам у той дзень, калі фашысты палілі нашу вёску. Усю моладзь яны загналі ў стайню. Страчылі з кулямётаў і аўтаматаў у расчыненыя вокны і дзверы, пакуль не змоўклі крыкі. Пасля аблілі сухія вуглы і чаротавую страху бензінам і падпалілі...\\ Гараську Буслу аднаму з усёй вясковай моладзі ўсё ж неяк удалося ўцалець ад кулі і выскачыць з ахопленай агнём будыніны. Узмежкам паўз высокае жыта, ён дабег аж у канец вёскі. Там якраз дагараў млын. Распаленыя камяні падаліся яму, відаць, сонцам, якое апусцілася і спаліла ўсё навокал.\\ Там выпадкова натрапілі на Гараську назаўтра партызаны. Кажуць, што ён адчайна адбіваўся нагамі, кусаў усіх, хто да яго падступаў, за рукі і нема крычаў:\\ – Сонца! Не хачу сонца...\\ \\ \\ Крыніца: Жаўранкі над полем: апавяданні / Укладальнік А. М. Бадак. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. – 430 с. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/якуб-колас/якуб-колас-усход-сонца]] * [[ibdc.ped>сонца-не-стаіць-на-месцы]] * [[ibdc.ped>гімн-жыццю]] * [[творы/эдзі-агняцвет/эдзі-агняцвет-галоўны-дворнік]] * [[творы/васіль-вітка/васіль-вітка-хто-памагае-сонцу]]