~~META: title = Барыс Сачанка — Настачка &keywords = настачка, дзед, дзеда, баба, бабы, мама, тата, свіней, робіш &abstract = Чытаць апавяданне Барыса Сачанкі "Настачка" &iftrue = True ~~ ====== Барыс Сачанка — Настачка ====== З горада ў вёску да бабы і дзеда прыехала ўнучка Настачка. Надта ж спадабалася Настачцы ў дзеда і бабы. Так што калі тата і мама пачалі збірацца ехаць назад у горад, Настачка нават заплакала:\\ – Не хачу нікуды ехаць. Хачу ў дзеда і бабы жыць.\\ Дзед і баба толькі таго і чакалі.\\ – Няхай пераначуе ў нас, – узяліся яны ўгаворваць тату і маму. – Калі што якое – заўтра прыедзеце і забераце.\\ Тата і мама паслухаліся.\\ Ні на крок не адыходзілі ад унучкі дзед і баба. I накармілі яе, і напаілі, і спаць палажылі.\\ Прачнулася раніцай Настачка і доўга не магла зразумець, дзе гэта яна. Калі ж нарэшце зразумела, здагадалася, саскочыла з ложка, патэпала босымі ножкамі туды, дзе была кухня. Адчыніла дзверы – і ўбачыла бабу і дзеда. Баба, нагнуўшыся над дзіўнай драўлянай пасудзінай, нешта таўкла, а дзед… Што ж гэта такое рабіў дзед? Сядзеў на зэдліку і біў малаточкам па нечым бляшаным – дзінь-дзінь-дзінь!..\\ – Дзед, што ты робіш? – спытала Настачка.\\ – Касу кляпаю, – заўсміхаўся ў свае пышныя вусы дзед.\\ – А навошта табе каса?\\ – Касою я накашу кароўцы сена. Кароўка з’есць яго і дасць нам малачка. А з малачка, як ты ведаеш, і смятана, і тваражок, і маселка.\\ – А ты, бабуля, што робіш? – падышла бліжэй да бабы Настачка.\\ – Я таўку бульбу, – лагодна адказала баба. – Усыплю сюды мукі, развяду цёпленькай вадою ды свіней накармлю.\\ Пастаяла Настачка, паглядзела на дзеда і бабу і кажа:\\ – Дзед сена будзе касіць, бабуля свіней карміць. А мне што рабіць?\\ – О! Абы ахвота была, а работы ў нас на ўсіх хопіць.\\ Кінула баба таўчы бульбу, узяла місачку, насыпала ў яе залацістых зярнят.\\ – Я вось пайду свіней карміць, а ты – падала яна місачку з зярнятамі Настачцы, – курэй накорміш. Куры наядуцца зярнят і яечка табе свежанькае знясуць…\\ Прыехалі з горада мама і тата, бачаць: стаіць Настачка сярод двара і сыпле курам ячмень, а тыя дзяўбуць яго ды ціхенька – ко-ко-ко! – перамаўляюцца, няйначай, радуюцца, што памочніца ў дзеда і бабы з’явілася, хваляць яе.\\ Глядзелі на Настачку тата і мама: малая, а якая малайчына! Цяпер яны пэўна ведалі: будзе Настачка клапатлівая гаспадыня-працаўніца. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-ля-даўняга-селішча]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-карчоўнік]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-хлеб]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-сляды]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-зерне-і-млын]]