Інструменты карыстальніка

Інструменты сайта


творы:барыс-сачанка:барыс-сачанка-ля-даўняга-селішча

Гэта старая версія дакумента!


Барыс Сачанка — Ля даўняга селішча

Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі…
Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.
– Тата, чаго ты зноў прыйшоў сюды? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык. – I летась, калі прыязджалі ў вёску, былі мы тут, і во цяпер, сёння…
– Чаго? – перапытвае ні то сам у сябе, ні то ў сына бацька і, нібыта адумаўшыся, раптам змаўкае.
Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што тут, дзе сівее, раскашуецца на волі палын ды быльнёг, некалі стаяла хата. Хата, у якой жыў ён, Мікалай, жыла добрая, мілая Надзя, жонка. I ў той хаце бегаў, звінеў званочкам шустры Косцік. Косцік-хвосцік… Іхні, яго і Надзін, сынок… Яны з Надзяй не зводзілі з сына вачэй, любаваліся, як борзда перабірае ножкамі, тупае па чыстых, вымытых да жаўцізны маснічынах маленечкі чалавечак, і ціха смяяліся ад радасці…
Потым… Потым пачалася вайна. Яго, Мікалая, на фронт не ўзялі – пакінулі партызаніць. Немцы аднекуль даведаліся, што ён тут, у сваім лесе. Некалькі дзён пільнавалі яго ў засадзе, спадзеючыся, мабыць, што партызанскі камандзір наведаецца дадому, да жонкі. I, не дачакаўшыся таго, спапялілі хату. А разам з хатаю і тых, каго ён, Мікалай, любіў больш за ўсё на свеце…
…Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі…
Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.
– Тата, а тат? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык.– Скажы, га, чаго мы зноў прыйшлі сюды?..
Нічога не кажа бацька, маўчыць, упарта, сцята маўчыць…
Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што і сын у бацькі не першы і жонка таксама не першая, што ў яго былі ўжо і жонка, і сын…
Былі…
I на вачах у бацькі нагортваюцца, блішчаць слёзы. Ці то ад сонца, якое надта ж шчыруе, аж слепіць, быццам спяшаецца аддаць назапашанае цяпло і святло, ці то ад чагосьці іншага, таго, пра што пытае і ніяк не можа пачуць ад бацькі адказу хлопчык, сын…
Другі сын…

1969 г.

Падобныя старонкі

  • барыс-сачанка/барыс-сачанка-карчоўнік
  • барыс-сачанка/барыс-сачанка-хлеб
  • барыс-сачанка/барыс-сачанка-сляды
  • барыс-сачанка/барыс-сачанка-зерне-і-млын
  • барыс-сачанка/барыс-сачанка-жаніх-і-нявеста
творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-ля-даўняга-селішча.1755861098.txt.gz · Апошнія змены: 2025/08/22 11:11 — 127.0.0.1

Donate Powered by PHP Valid HTML5 Valid CSS Driven by DokuWiki