~~META: title = Барыс Сачанка — Ля даўняга селішча &keywords = хлопчык, тата &abstract = Чытаць апавяданне "Ля даўняга селішча" Барыса Сачанкі &iftrue = True ~~ ====== Барыс Сачанка — Ля даўняга селішча ====== Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі...\\ Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.\\ – Тата, чаго ты зноў прыйшоў сюды? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык. – I летась, калі прыязджалі ў вёску, былі мы тут, і во цяпер, сёння...\\ – Чаго? – перапытвае ні то сам у сябе, ні то ў сына бацька і, нібыта адумаўшыся, раптам змаўкае.\\ Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што тут, дзе сівее, раскашуецца на волі палын ды быльнёг, некалі стаяла хата. Хата, у якой жыў ён, Мікалай, жыла добрая, мілая Надзя, жонка. I ў той хаце бегаў, звінеў званочкам шустры Косцік. Косцік-хвосцік... Іхні, яго і Надзін, сынок... Яны з Надзяй не зводзілі з сына вачэй, любаваліся, як борзда перабірае ножкамі, тупае па чыстых, вымытых да жаўцізны маснічынах маленечкі чалавечак, і ціха смяяліся ад радасці...\\ Потым... Потым пачалася вайна. Яго, Мікалая, на фронт не ўзялі – пакінулі партызаніць. Немцы аднекуль даведаліся, што ён тут, у сваім лесе. Некалькі дзён пільнавалі яго ў засадзе, спадзеючыся, мабыць, што партызанскі камандзір наведаецца дадому, да жонкі. I, не дачакаўшыся таго, спапялілі хату. А разам з хатаю і тых, каго ён, Мікалай, любіў больш за ўсё на свеце...\\ ...Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном і быльнёгам селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі...\\ Ля селішча двое: высокі аднарукі мужчына і яго сын – хлопчык год шасці-сямі.\\ – Тата, а тат? – пазіраючы на селішча, пытае хлопчык.– Скажы, га, чаго мы зноў прыйшлі сюды?..\\ Нічога не кажа бацька, маўчыць, упарта, сцята маўчыць...\\ Дый што ён можа сказаць? Хіба зразумее, уявіць дзіця, што і сын у бацькі не першы і жонка таксама не першая, што ў яго былі ўжо і жонка, і сын...\\ Былі...\\ I на вачах у бацькі нагортваюцца, блішчаць слёзы. Ці то ад сонца, якое надта ж шчыруе, аж слепіць, быццам спяшаецца аддаць назапашанае цяпло і святло, ці то ад чагосьці іншага, таго, пра што пытае і ніяк не можа пачуць ад бацькі адказу хлопчык, сын...\\ Другі сын...\\ \\ 1969 г. ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-карчоўнік]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-хлеб]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-сляды]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-зерне-і-млын]] * [[творы/барыс-сачанка/барыс-сачанка-жаніх-і-нявеста]]