~~META: title = Артур Вольскі — Чарнічка &keywords = чарнічкі, лісточак, справа, злева, сонца, грабе, зялёны &abstract = Чытаць верш Артура Вольскага "Чарнічка" &iftrue = nan ~~ ====== Артур Вольскі — Чарнічка ====== У засені сосен,\\ дзе мох ды іглічка,\\ расла-даспявала\\ красунька-чарнічка.\\ \\ Калі на світанку\\ не бачыла хмарак,\\ расой абмывала\\ свой кругленькі тварык.\\ \\ А потым на сонейку плечыкі грэла.\\ Нібы негранятка,\\ яна загарэла.\\ \\ Быў сябра ў чарнічкі –\\ зялёны лісточак,\\ схаваў ён яе\\ ад вавёрчыных вочак.\\ \\ Складала вавёрка\\ грыбы на палічкі,\\ але не прынесла\\ чарняўкі-чарнічкі.\\ \\ I вожык праходзіў\\ сцяжынкаю блізкай.\\ Павёў у паветры\\ кірпатаю пыскай.\\ \\ Але і яму,\\ не мяняючы звычкі,\\ лісток не дазволіў\\ пакрыўдзіць чарнічкі.\\ \\ Шукала спажывы\\ мядзведзіца ўранку.\\ I вось на чарнічную\\ выйшла палянку.\\ \\ Расселася, тлустая,\\ як сярод хаты.\\ I сонца схавала\\ спіною кашлатай.\\ \\ Грабе сабе злева,\\ грабе сабе справа.\\ I злева і справа –\\ мядзведжая страва.\\ \\ Няўжо для чарнічкі –\\ апошні дзянёчак?\\ Ды не пахіснуўся\\ зялёны лісточак!\\ \\ На ўвесь свой расточак\\ устаў абаронца...\\ I вось ужо зноў\\ паказалася сонца.\\ \\ Ах, што за лісточак!\\ Такі невялічкі –\\ мядзведзіцы нават\\ не выдаў чарнічкі! ===== Падобныя старонкі ===== * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-вожык-дзівачок]] * [[постаці/віталь-вольскі]] * [[творы/артур-вольскі/артур-вольскі-пагоня]] * [[творы/віталь-вольскі/віталь-вольскі-несцерка]] * [[постаці/артур-вольскі]]